Антон і Алена Стрыгі з Гродна сёлета святкуюць 15 гадоў шлюбу — у іх
сям’і падрастае чацвёра дзяцей: Уладзімір, Лізавета, Васілій і Ірына.
Напрыканцы красавіка сям’я Стрыгаў атрымала перамогу ў раённым этапе
конкурса «Сям’я года-2016».
Пра ўдзел у спаборніцтве, сямейныя
каштоўнасці і веру ў Бога Антон і Алена распавялі Catholic.by.
«Нашы старэйшыя дзеці вучацца ў гродзенскай СШ № 38, там нам і прапанавалі прыняць удзел у конкурсе, — распавядае Алена Стрыга. — У конкурсе прымалі ўдзел шматдзетныя сем’і, якія на сваім прыкладзе паказвалі, што быць шматдзетным — у радасць».
У фінале конкурса па суме чатырох этапаў сям’я Алены сярод дзевяці прэтэндэнтаў была прызнана лепшай. Жанчына прызнаецца, што ўдзел у конкурсе стаў для яе сям’і вялікім вопытам. Разам з дзецьмі бацькі рэпетыравалі два тыдні. 
«Па адчуваннях гэта было не спаборніцтва, а фестываль, — адзначае Антон. — Я быў упэўнены ў жонцы і дзецях і рады, што ўсё склалася так, як склалася».

«А галоўнае, што ёсць задор працаваць далей, у наступных турах конкурса — дадае Алена. — У нас шмат ідэй. Мы творчыя і актыўныя. Будзем спадзявацца на лепшае».
Бальныя танцы: хобі, якое з’яднала
Антон і Алена ўжо шмат гадоў прафесійна займаюцца бальнымі танцамі. Вучаць танцу пачаткоўцаў, танцуюць самі, займаюцца з дзецьмі. Менавіта ў студыі па бальных танцах яны калісьці і пазнаёміліся.
«Спачатку мы танцавалі ў розных парах, пасля сталі ў адну, і да сёння мы разам і па жыцці», — распавядае Алена.
«Танцы па-сапраўднаму з’ядналі нас, — сведчыць і Антон. — Некалькі гадоў мы пратанцавалі разам, пасля мяне забралі ў армію, а Алена мяне чакала. Я прыйшоў з войска, і мы працягвалі быць парай, а праз пэўны час пабраліся шлюбам».
Сёння любоў да танцаў бацькоў пераймаюць і іх дзеці. Алена і Антон у сваю чаргу захоўваюць любоў да бальных танцаў, навучаючы танцам іншых. Алена прызнаецца, што яе мара — гэта вучыць бальным танцам не толькі здаровых дзяцей, але і тых, хто мае асаблівасці. Падчас прэзентацыі сацыяльнага праекта на конкурсе «Сям’я года» сям’я Стрыгаў абрала сваёй тэмай «Танец без межаў», каб пераканаць: танцаваць можа кожны.
Пра танец — да веры
Антон Стрыга распавядае, што, спаткаўшы Алену, ён спаткаў не толькі будучую жонку і маці іх дзяцей, але і веруючую каталічку — падтрымку і апору ў веры.

«Калі мы толькі пазнаёміліся, я быў няверуючым, — прыгадвае мужчына. — Я вырас у сям’і савецкіх педагогаў, спадчынных педагогаў, якія былі верныя сваёй прафесіі. Алена ж сваім прыкладам шмат чаму мяне навучыла, за год да вяселля я ахрысціўся...»
Сёння Антон і Алена Стрыгі — актыўныя парафіяне. Алена спявае ў дыяцэзіяльным хоры «Cantate Domino», а разам сужэнцы з’яўляюцца ўдзельнікамі руху Шанштацкіх сем’яў, прымаюць удзел у семінарах і сустрэчах сем’яў, дзе дзеляцца сваім сведчаннем.

«Сямейныя канфлікты мы імкнёмся вырашаць да вечара, каб крыўды не змаглі назапасіцца, — зазначае Алена. — Стараемся весці сябе адкрыта, забываючы пра свой эгаізм і падтрымліваючы адно аднаго. А кожную раніцу мы благаслаўляем дзяцей знакам крыжа».
«Стараемся жыць Панам Богам, а Ён дае сілы ісці праз жыццё і несці любоў», — заключае галава сям’і Стрыгаў.
Бацькі і дзеці
Не адстаюць ад бацькоў і іх дзеці. Старэйшы Уладзімір вучыцца ў 7 класе і служыць міністрантам пры алтары. Хлопчык захапляецца фехтаваннем і рукапашным боем. 9-гадовая Ліза ходзіць у трэці клас, лепіць з гліны і пластыліну, валяе з шэрсці. Малодшым Васілію і Ірыне — чатыры і два гады адпаведна.

Цікаўлюся ў Антона, ці плануе сям’я браць удзел у наступных конкурсах, ужо, магчыма, у абноўленым складзе.
«Мы пакуль не загадваем, зараз нашых маленькіх падняць бы. А там як Бог дасць», — заключае мужчына.
Ілья Лапато фота з асабістага архіва герояў
|