Парафіяне з Іўя здзейснілі пілігрымку па касцёлах Польшчы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
04.05.2016 13:44 |
Жывыя ўспаміны пра духоўнае падарожжа да Гары Крыжоў і іншых святых месцаў на землях Літвы паклікалі ў дарогу іўеўскіх парафіян. На гэты раз вернікі парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла наведалі святыні Польшчы. Пілігрымы пабывалі ў Сакулцы, Ружаным Стоку, Стагневу, Мальбарку, Гданьску, Гетшвалдзе. Памятная таблічка даводзіць, што ўваход у святыню сімвалізуе Брамы Міласэрнасці. Першае знаёмства з унутраным зместам касцёла пілігрымы пачалі малітвай перад Часткай Цела Хрыста, якая тут захоўваецца і ў якую ператварылася асвечаная Гостыя.
Пілігрымы з Іўя спадзяюцца, што ў іх сэрцах надоўга застануцца прыемныя ўспаміны аб наведванні санктуарыя Маці Божай Свенталіпскай. Знаходзіцца святыня ў даволі сціплай мясціне, з усіх бакоў акружанай лясамі, нізінамі і балотамі. Пілігрымаў уразіла велічная касцёльная зала, аздобленая мастацкімі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты. Асобы гонар святыні – арган. Ён таксама аздоблены мноствам біблейскіх рэліквій, якія падчас гучання музыкі рухаюцца, нібы выконваюць кожны сваю музычную партыю. «Авэ, Марыя», «Паланэз Агінскага» гучаннем аргана стваралі асаблівы настрой, з якога цяжка было выйсці, каб пераключыцца на святую Імшу, якую праводзіў у гэтай святыні іўеўскі пробашч кс. Ян Гавецкі. На другі дзень іўеўскія вернікі мелі магчымасць наведаць даволі адметны па сваім архітэктурным унутраным і знешнім выражэнні санктуарый Маці Божай Фацімскай і святога Яна Паўла ІІ у Стагневе. Сустрэча пачалася са святой Імшы, падчас якой пілігрымы Марына і Уладзімір аднавілі сакрамэнт сужэнства з нагоды юбілею сумеснага жыцця. Працягвалася пілігрымка ў Мальбарку. Падарожнікі наведалі Мальбарскі замак — помнік гісторыі ХІІІ стагоддзя, помнік славы і велічы Тэўтонскага ордэна, з якім звязана і гісторыя нашага краю. Слухаючы экскурсавода, пераходзячы з аднаго месца на іншае, то падымаючыся, то апускаючыся па вузкіх стромкіх лесвіцах з адной вежы ў іншую, пілігрымы маглі ўсёй істотай адчуць экзотыку старажытнага помніка: убачыць тоўстыя магутныя сцены забудоваў, пасядзець на троне вялікага магістра Ордэна і зрабіць фотаздымак на памяць, прайсціся па пакоях, дзе жылі манахі-тэўтоны, убачыць кухню і стравы, якімі жывіліся жыхары замка… Пілігрымы вярталіся дадому крыху стомленыя, але шчаслівыя. Стомленыя, бо дарога, у прамым сэнсе гэтага слова, для некаторых была няпростай. Добра ўладкаваныя, але даволі вузкія і звілістыя дарожныя стужкі патрабавалі фізічных сіл і цярпення. Яны, часцей нагадваючы змейку, бесперапынна паварочвалі то ўлева, то ўправа, то падымаліся на ўзгоркі, то нечакана рэзка ныралі ў нізіну, ці пад мосцік, то цесна паўкругам агіналі ляскі і пералескі, нібы хацелі трывала застацца ў памяці, пакінуўшы ўспаміны пра адметнасць і прыгажосць мясцовых пейзажаў. Шчаслівыя, бо гэта была духоўная дарога, якая пакінула ў сэрцах іўеўскіх католікаў шмат неспадзяваных уражанняў, трапяткіх пачуццяў, выклікала мноства разважанняў. Па словах саміх пілігрымаў, яны вярнуліся крыху іншымі — магчыма, лепшымі, святлейшымі, напоўненымі жаданнем удзельнічаць у жыцці Касцёла. |