Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мастах стартавалі ХХІІI Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.05.2016 00:35

7 мая ў Mастах пачаліся XXIII Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Маладых людзей разам з іх душпастырамі і кансэкраванымі асобамі гасцінна прыняла парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай.

Моладзь з’ехалася з розных бакоў Гродзенскай дыяцэзіі, каб перажыць бліжэйшыя дні разам, супольна сведчыць аб прыналежнасці да Касцёла і шукаць новых магчымасцяў, як быць у сучасным свеце прыладамі Божай міласэрнасці. Сярод удзельнікаў сустрэчы ёсць прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Прысутнічае і група студэнтаў з Нігерыі (20 чалавек), якія вучацца ў гродзенскіх ВНУ. У цэлым у сустрэчы ўдзельнічае каля 1500 чалавек.

Быць прыладай Божай міласэрнасці

Сёлетнія Дні моладзі праходзяць пад дэвізам «Пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці». У Юбілейны Год Міласэрнасці арганізатары імкнуцца яшчэ раз нагадаць маладым людзям аб тым, наколькі вялікая Божая міласэрнасць да чалавека, і тым, што Бог жадае ад чалавека таго ж самага — каб ён быў міласэрным да іншых.



Падчас сустрэчы ў Мастах моладзь будзе разважаць над тым, што немагчыма інакш выказаць любоў і ўдзячнасць Богу, як толькі праз міласэрнасць, ахвяраваную бліжнім; што няма іншага спосабу засведчыць аб веры і аб любові Бога, як толькі спаўняючы евангельскі заклік любіць бліжняга.

Дыяцэзіяльная сустрэча будзе даносіць да ўдзельнікаў думку, што міласэрнасць, з просьбай аб якой чалавек так часта працягвае рукі да Бога, абавязвае дарыць сваё сэрца тым, якім горш.

Быць разам у Хрысце

Многія маладыя людзі прыехалі на дыяцэзіяльную сустрэчу ўжо не ў першы раз. Вікторыя Кель з парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках у размове з Сatholic.by узгадвае, што ўдзельнічае ў Днях моладзі ў юбілейны пяты раз. «Я прыехала на ДДМ, каб адчуць еднасць хрысціянскай моладзі нашай дыяцэзіі, дзе з’яўляешся часткай адной вялікай сям’і», — дадае Вікторыя.

Галоўнай мэтай Дзён моладзі з’яўляецца паглыбленне веры маладых людзей і фармацыя іх сэрцаў. У гэтым годзе падчас канферэнцый удзельнікам распавядуць пра ўчынкі міласэрнасці. Як кажуць самі ўдзельнікі, праз канферэнцыі яны ўсё больш адкрываюць Бога.



Маргарыта Клінцэвіч з парафіі Св. Казіміра ў Путрышках адзначае, што ўдзельнічаць у Днях моладзі для яе вялікая ласка, бо гэта магчымасць лепш пазнаць Бога.

«Я прыехала на ДДМ, каб больш зблізіцца з Богам: па-першае, праз малітву, па-другое, пазнаць Яго праз катэхезу», — дадае Маргарыта.

Удзельнікаў Дзён моладзі чакае насычаная праграма: супольная малітва, канферэнцыі, праца ў групах, канцэрты… Маладыя людзі ехалі на сустрэчу з пазітыўным настроем і з чаканнем, што Бог у сваёй дабрыні напоўніць іх сэрцы сапраўднай радасцю, каб, вярнуўшыся потым дадому і на месцы вучобы, яны маглі сведчыць аб Яго вялікай любові да чалавека.



Анастасія Толкач з парафіі Св. Мікалая ў Геранёнах жадае, каб час, які яна прысвяціла на дыяцэзіяльную сустрэчу моладзі, быў часам благаслаўлення і ласкі, і чакае ад гэтых дзён вельмі шмат. «Найперш я чакаю ўмацавання маіх адносін з Богам, які для мяне з’яўляецца найлепшым сябрам», — кажа Анастасія.
 
Хочацца пажадаць, каб ХХІІІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ўмацавалі веру маладых людзей Касцёла і навучылі іх быць міласэрнымі да ўсіх, а асабліва да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.