Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Вялікай Бераставіцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.05.2016 11:45

7 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Вялікую Бераставіцу, каб удзяліць сакрамэнт канфірмацыі шматлікім вернікам як мясцовай парафіі Перамянення Пана, так і парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы.

Сакрамэнт канфірмацыі – сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Праз яго чалавек атрымлівае дары Святога Духа, якія ўзмацняюць яго сувязь з Касцёлам, больш глыбока ўключаюць у хрысціянскую супольнасць і дапамагаюць сведчыць пра сваю веру і словамі, і ўчынкамі. Той, хто прымае гэты сакрамэнт, закліканы стаць сапраўдным вучнем Хрыста, які не саромеецца сваёй веры і не баіцца абараняць яе.


Моладзь і дарослыя на працягу года старанна рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці. На ўрачыстую святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч,  прыбыло шмат вернікаў і святары з дэканата.

На пачатку Імшы біскупа шчыра прывіталі самыя маленькія вернікі з Вялікай Бераставіцы. Моладзь і дарослыя выказалі ўдзячнасць за магчымасць атрымаць сакрамэнт канфірмацыі.

Іерарх падзякаваў за сардэчны прыём і запрасіў усіх да супольнай малітвы за тых, хто рыхтуецца прыняць дары Святога Духа. Кандыдаты аднавілі абяцанні хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі. Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да іерарха і атрымлівалі незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.


Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць, што праз сакрамэнт хрысціянскай сталасці парафія ўзбагацілася новымі рыцарамі Хрыстовага войска, і нагадаў маладым людзям аб тым, што, дзе б яны ні былі, усюды павінны даваць сведчанне сваёй веры.

Іерарх падзякаваў усім, хто падрыхтаваў гэтую ўрачыстасць, адзначыў, што святыня ў Вялікай Бераставіцы значна змянілася за апошнія гады, папрыгажэла, дзякуючы клопатам пробашча а. Вальдэмара Слоты, але галоўнае, што яна не пустуе, тут шмат моладзі і дарослых вернікаў, цудоўны хор і прыкладная літургічная служба.

Біскуп пажадаў усім быць моцнымі ў веры і заўсёды аддаваць сябе пад апеку Найсвяцейшай Маці, якую Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае ў маі.


На заканчэнне Імшы тыя, хто атрымаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў Святога Духа, і паабяцалі быць годнымі сведкамі Уваскрослага Хрыста і жывым Евангеллем для іншых людзей.

Ірына Міклаш,
фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.