Вернікі Ліды здзейснілі пілігрымку па святынях Гродзенскай дыяцэзіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.05.2016 10:41 |
9 мая работнікі службы аховы здароўя, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншыя жыхары Ліды – у цэлым 80 чалавек – здзейснілі маёвую пілігрымку па касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды 25-годдзя яе існавання. Група пазнаёмілася з гісторыяй паўстання мястэчак, вёсак і іх касцёлаў, а таксама з гісторыяй дыяцэзіі. Маршрут пілігрымкі быў наступны: Ліпнішкі – Іўе – Юрацішкі – Трабы – Гальшаны – Баруны – Ашмяны – Гудагай – Астравец – Варняны – Міхалішкі – Гервяты. Кульмінацыяй пілігрымкі стала Эўхарыстыя ў касцёле ў Гервятах, якую ўзначаліў арганізатар пілігрымкі кс. капелан Юрый Бяганскі. У гаміліі святар з нагоды Года Міласэрнасці заахвоціў вернікаў любіць Бога і людзей словамі біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча: “Будзем прабачаць адзін аднаму, і акажам узаемную любоў, асабліва людзям, з якімі найбольш цяжка паяднацца. Працягнем першымі руку да згоды! Будзем усе апосталамі Божай міласэрнасці!” Пілігрымы праславілі Маці Божую рознымі малітвамі, маёвым набажэнствам і спевам да Панны Марыі. Таксама яны атрымалі поўны адпуст, наведаўшы касцёлы, у якіх ёсць Брамы Міласэрнасці, санктуарыі Маці Божай у Барунах і Гудагаі. Вернікаў прыемна ўразіла прыгажосць касцёлаў Гродзеншчыны і прыняцце пробашчаў у парафіях. Вяртаючыся ў Ліду, пілігрымы ахвяравалі ружанцовую малітву за ўсіх душпастыраў і парафіян гэтых касцёлаў. (AG) |
Фотарэпартаж |