Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Бярозаўкі падзякавалі за 25 гадоў святарскага служэння пробашчу, які завяршае працу ў парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.05.2016 11:56

15 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у парафіі ў Бярозаўцы адбылася адпустовая ўрачыстасць, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Падчас урачыстай Імшы вернікі падзякавалі за шматгадовае служэнне свайму пробашчу кс. Анджэю Стапыру, які завяршае працу ў іх парафіі. Вернікі адзначылі, што святар аддаў парафіі шмат клопату і старанняў.

25 гадоў кс. Анджэй прысвяцiў аднаўленню некалькiх касцёлаў, цалкам пабудаваў бярозаўскую святыню, парафіяльны дом, выхаваў цэлае пакаленне вернiкаў.

Па словах біскупа Антонія Дзям'янкі, ксяндза Анджэя многія запомняць як пастаяннага святара — пробашча парафій ў Бярозаўцы і Мінойтах, рэктара касцёла ў Вашкевічах і дэкана Навагрудскага дэканату.

«Людзі Навагрудскага рэгіёна вельмі добра зведалі, што значыць адсутнасць святара, ведаюць вартасць сакрамэнту святарства і ролю, якую адыгрывае святар у жыцці чалавека, — адзначыў пінскі ардынарый. — Без святара нават найпрыгажэйшая святыня будзе пустой, бо ў ёй няма таго, што дае ёй найглыбейшую вартасць — прысутнага ў Эўхарыстыі Хрыста. Клопат пра прысутнасць святара, высокі ўзровень яго духоўнага жыцця пакідае чарговы след, які пакінуў на навагрудскай зямлі ксёндз канонік Анджэй Стапыра. Ён быў бацькам і духоўным правадыром для святароў, якія служаць на Навагрудчыне. Як дэкан арганізоўваў сустрэчы, служыў сваім досведам святарам, якія яшчэ не мелі вялікага вопыту».

Паводле слоў біскупа, ксёндз Анджэй «здаў экзамен плёну свайго святарскага служэння».

«Пад яго наглядам выспявалі святарскія пакліканні тых сённяшніх святароў, якія працуюць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Заслуга яго таксама і ў тым, што дапамагаў увайсці ў святарскае жыццё семінарыстам, якіх гродзенскі ардынарый дасылаў да яго на практыку. Ён не толькі дзяліўся з імі сваім душпастырскім вопытам, але і клапаціўся пра іх духоўнасць і інтэлектуальнае развіццё», — адзначыў іерарх.

Пералічыўшы шэраг дасягненняў святара, якія ён зрабіў за апошнія 25 гадоў, біскуп Пінскі звярнуўся да самога пробашча ў Бярозаўцы:

«Ксёндз канонік Анджэй, вышэй згаданае — толькі некаторыя сляды, якія ты пакінуў на гэтай навагрудскай зямлі і якія наша людская памяць захавала. Ты ідзеш туды, куды накіруе цябе Божы Провід. Гэтыя сляды застануцца тут, бо яны трывалыя. Мы жадаем, каб Той, хто ўкажа табе далейшую дарогу жыцця, падтрымліваў цябе на гэтай дарозе неабходнымі ласкамі так, каб і там, як тут, над Нёманам, ты пакідаў трывалыя сляды».


Святыня ў Бярозаўцы была пабудавана дзякуючы старанням кс. Анджэя Стапыры ў 1992 годзе, кансэкравана 18 жніўня 2001 года. Святар быў духоўным айцом для парафіян, а яны з вялікай прыхільнасцю ставіліся да яго.

Словы падзякі ксяндзу Анджэю Стапыру выказаў і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які зазначыў, што святар за гэтыя 25 гадоў пабудаваў у Бярозаўцы не толькі касцёл у выглядзе прыгожай святыні, але і духоўную святыню ў душах мясцовых вернікаў.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.