Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
142 дзіцяці прынялі Першую Камунію ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.05.2016 15:02

Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў смаргонскім касцёле святога Міхала Арханёла адбылася Першая святая Камунія і споведзь. Святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB.

Сёлета гэты важны і новы этап адбыўся ў жыцці 142 дзяцей парафіі. Таму Першая Камунія ўдзялялася падчас дзвюх Імшаў. У першай Імшы прынялі ўдзел 82 дзіцяці.

«Дзеці заўсёды старанна рыхтаваліся да Першай Камуніі. Паглыблялі сваё духоўнае жыццё вывучэннем малітваў і асэнсаваннем сваіх учынкаў. Таксама і для бацькоў гэты час быў напоўнены рэлігійным перажываннем, яны часцей прыходзілі да споведзі, маліліся разам з дзецьмі, засяроджвалі ўвагу на сувязі з Богам», — адзначыў кс. Алег Жураўскі.

У гаміліі, звяртаючыся да дзяцей, святар нагадаў пра значнасць урачыстасці Спаслання Духа Святога. «Сёння дзеці першы раз прымуць Цела Хрыста, злучацца з Панам і Збаўцам. Яны ў белых адзеннях стаяць перад алтаром, убраныя, як нявінныя Божыя авечкі, каб у чысціні сумлення прыняць Цела Хрыста», — сказаў пробашч парафіі.

Святар таксама шчыра падзякаваў бацькам дзяцей за дар жыцця і за тое, што выхоўваюць іх у веры, дадаўшы: «Вы споўнілі і далей спаўняеце тую прысягу, што некалі склалі падчас сакрамэнту хросту — дапамагаць гэтаму дзіцяці несці беззаганнай праз жыццё белую сукенку, сукенку Божага дзіцяці. І сёння, атрымліваючы гэтую асвячальную ласку, не забывайце яе падтрымліваць».

Пробашч заклікаў бацькоў і надалей падтрымліваць дзяцей, прыгадваючы ім, што трэба хадзіць да споведзі, вызнаваць свае грахі.

Напрыканцы літургіі дзеці і бацькі ад імя салезіянскай супольнасці падзякавалі кс. Алегу Жураўскаму SDB, а таксама катэхетам і духоўным асобам парафіі за дапамогу ў падрыхтоўцы да першай споведзі і Камуніі.

Сваімі перажываннямі з чытачамі падзяліўся адзін з дзяцей, якія прыступілі ў гэты дзень да Першай Камуніі, — Ігнат Гуйскі:

«Я больш за ўсё перажываў за малітвы, не заўсёды іх добра вучыў. Таму, калі я здаваў парадак споведзі, мне было лягчэй. Затым наступіў доўгачаканы момант святой споведзі. Я вельмі хваляваўся, але пасля споведзі ўсё хваляванне знікла, адчувалася адна радасць, хацелася спяваць, танцаваць і радавацца. А вось падчас святой Камуніі было трошкі лягчэй. Зараз радасныя ўражанні, я гэтага так доўга чакаў, што цяпер я магу хадзіць у касцёл, спавядацца і прымаць святую Камунію».

Віктар Ведзень, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.