«Па-сямейнаму ў Духа»: парафіяльны фэст прайшоў у Альшанцы (Гродна) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.05.2016 15:11 |
15 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) адбыўся парафіяльны фэст, арганізаваны дзякуючы душпастырскім намаганням пробашча кс. Паўла Салабуды. Парафіяльны фэст у Альшанцы пачаўся святой Імшой на касцёльным пляцы. Галоўным цэлебрантам урачыстай літургіі быў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а хор «Cantate Domino» упрыгожваў набажэнства спевам. У гаміліі біскуп падкрэсліў значэнне і ролю Святога Духа ў жыцці кожнага хрысціяніна. «Тым, хто ажыўляе, дае сілу, моц нашаму целу, розуму, усёй нашай істоце, з’яўляецца Святы Дух, — сказаў іерарх. — Сёння праз дзіцячыя галасы, праз роздум старэйшых людзей, праз добры намер сужэнстваў, праз сваю прысутнасць мы кажам, што Панам з'яўляецца Езус. Святы Дух напаўняе нас, каб мы плылі па моры жыцця і здабывалі гэты свет для Хрыста, каб не заставаліся на адным месцы са сваімі праблемамі і турботамі, але каб адважна ішлі з Божай моцай наперад». У сваю чаргу пробашч парафіі кс. Павел Салабуда адзначыў, што сёлета ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі ў Альшанцы святкуецца асаблівым чынам, паколькі менавіта ў гэты дзень год таму тут быў асвечаны крыж і зямля пад будаўніцтва касцёла. Ксёндз Павел падзякаваў вернікам, якія прыкладаюць усе намаганні для таго, каб парафіяльная супольнасць павялічвалася і развівалася.
«Сёння я шчаслівы, бо бачу сваіх парафіян, якія ўяўляюць сабой сапраўдную вялікую хрысціянскую сям’ю. Вельмі цешуся, што мы змаглі арганізаваць фэст, які злучае ў сабе і малітву, і адпачынак. Спадзяюся, што парафіяльнае свята ўпішацца ў каляндар нашых традыцый і будзе праходзіць штогод», — сказаў кс. Павел Салабуда. Напрыканцы Імшы бацькі разам з дзецьмі, якія летась упершыню прынялі святую Камунію, падзякавалі пробашчу і манахіням за выхаванне ў хрысціянскай веры дзяцей, а таксама за клопат пра душы дарослых. Пасля ўрачыстага набажэнства былі падведзены вынікі парафіяльнай латарэі, галоўным прызам якой стаў ровар. Затым адбылося першае выступленне дзіцячага ансамбля «Анёлы».
Таксама падчас фэсту праводзіўся дабрачынны кірмаш, сабраныя з якога сродкі пойдуць на лячэнне хворай парафіянкі Міланы Сафінай. Парафіяльны фэст «Па-сямейнаму ў Духа» працягваўся да самага вечару, у яго праграме было шмат вясёлых конкурсаў, забаваў, якія не пакінулі абыякавымі дзяцей і дарослых. Гражына Шалкевіч, |
Фотарэпартаж |