Імша ў інтэнцыі нованароджаных дзяцей прайшла ў парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
18.05.2016 12:13 |
У маі, месяцы Марыі — жанчыны свету, якая дала і дае прыклад жыцця для кожнай жанчыны, — у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі стала традыцыяй правядзенне Імшы за нованароджаных. Сёлета за немаўлят маліліся 16 мая. Ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы ўжо сем гадоў з’яўляецца кс. Ян Гавецкі. 16 мая ў сваіх модных калясках-«экіпажах» з’ехаліся да касцёла самыя маленькія парафіяне з мамамі і татамі, старэйшымі брацікамі і сястрычкамі, бабулямі і дзядулямі.
Падчас святой Імшы ўдзельнікі дзякавалі Богу-Творцу за дар мацярынства, дары любові і шчасця, маліліся аб здароўі і добрым лёсе для сваіх дзяцей, прасілі ласкаў і апекі Маці Божай на кожны дзень жыцця. Усе дзеці атрымалі благаслаўленне ад святароў і медальёны на каляску. Сапраўдным сюрпрызам сталі падарункі, падрыхтаваныя для ўсіх маленькіх парафіян.
Удзельнікі святой Імшы выказваюць словы шчырай падзякі за праяўленую ўвагу і перажытыя шчаслівыя хвіліны ксяндзу Яну Гавецкаму, пробашчу парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, кс. Віталю Цыбульскаму, кс. Алегу Яновічу і працаўнікам касцёла, а таксама выказваюць спадзяванне, што такая прыгожая традыцыя — Імша за маленькіх дзяцей — будзе мець працяг. |
Фотарэпартаж |