Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў шпітальную капліцу ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.05.2016 16:35

20 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў шпітальную капліцу Божай Міласэрнасці ў Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Гродна.

На ўрачыстай святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп, сабраліся шматлікія госці, прадстаўнікі мяцовай улады, медыцынскі персанал і пацыенты бальніцы. Таксама ва ўрачыстай падзеі ўдзельнічалі ахвярадаўцы, дзякуючы якім стала магчымым набыццё для капліцы мэблі і літургічных рэчаў.

Капліца — «сэрца шпіталя»

Капелан бальніцы кс. Генрык Яблонскі, вітаючы прысутных гасцей, адзначыў, што гэтая падзея з’яўляецца гістарычнай для горада Гродна і што гэтая капліца будзе «сэрцам шпіталя».

Святар дадаў, што капліца стане месцам сустрэчы чалавека, якога закранула хвароба, з міласэрным Айцом. «Хворыя асабліва маюць патрэбу ў Божай міласэрнасці, і ў капліцы яны змогуць пазнаць гэты духоўны супакой і суцяшэнне ў цярпенні», — сказаў капелан бальніцы.



Ксёндз Юрый Марціновіч нагадаў у гаміліі, што зараз Паўсюдны Касцёл перажывае Юбілейны Год Міласэрнасці, мэта якога — заахвоціць усіх людзей напоўніць свае сэрцы сапраўднай радасцю, якую можа даць толькі Бог, багаты на міласэрнасць і ласку.

 «Гэтая капліца стане месцам, дзе чалавек будзе спазнаваць або адкрываць для сябе ўпершыню, што Божыя справы ў жыцці трэба ставіць на першае месца. Праз усё сваё жыццё трэба аддаваць пашану Пану Богу і пагаджацца з Яго святой воляй, нават калі гэта можа адбывацца вельмі цяжка», — гэтымі словамі завяршыў гамілію кс. Юрый Марціновіч.

Падчас Імшы маліліся за ўсіх хворых, пажылых людзей і тых, каго закранула цярпенне, а таксама за ўсіх работнікаў службы аховы здароўя гродзенскай бальніцы, каб яны з вялікай адданасцю і ахвотай служылі ўсім пацыентам.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў вельмі сімвалічным тое, што ў Юбілейны Год Міласэрнасці ў Гродне асвяцілі капліцу Божай Міласэрнасці.



Капліца — месца сустрэчы з Богам


Іерарх падзякаваў усім, хто паспрыяў заснаванню гэтай капліцы. Біскуп падзякаваў мясцовай уладзе за ўзаемаразуменне і плённае супрацоўніцтва і ўсяму медыцынскаму персаналу на чале з галоўным ўрачом Сяргеем Лазарэвічам.

Біскуп падзякаваў і ўсім дабрадзеям, якія матэрыяльна падтрымалі гэтую такую патрэбную ініцыятыву. Словы падзякі былі скіраваны таксама да ксяндза Генрыка Яблонскага, капелана бальніцы, і да сястры Стэллы, якая рупліва і ахвярна служыць хворым горада Гродна.

«Гэтая капліца з'яўляецца пацвярджэннем таго, што ў вашым цярпенні вы не адны. Касцёл прыходзіць да вас з сакрамэнтальнай паслугай, са словам суцяшэння і з Божым благаслаўленнем», — дадаў гродзенскі ардынарый.

Біскуп пажадаў, каб капліца служыла на карысць усім людзям, якія будуць яе наведваць, каб праз шчырую малітву яны маглі атрымаць супакой сэрца, аздараўленне душы і цела.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.