Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў касцёле ў Гервятах — «беларускім Нотр-Даме»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.05.2016 14:26

22 мая ў парафіі ў Гервятах адбылася адпустовая ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Святыню, якую з-за яе прыгажосці называюць «беларускім Нотр-Дамам», наведала ў гэты дзень шмат вернікаў з усёй краіны і з-за мяжы.

На парафіяльны адпуст прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары Астравецкага дэканату.

У Гервяты прыязджаюць, каб перш за ўсё адпачыць нам малітве, а таксама каб убачыць хараство вакол святыні і на тэрыторыі, якая прылягае да яе.

Яшчэ задоўга да пачатку святой Імшы вернікі цэлымі сем’ямі хадзілі вакол касцёла, быццам у працэсіі. У Гервятах існуе звычай, прыходзячы на Імшу і шпацыруючы вакол святыні, індывідуальна маліцца Ружанец.


У гэтым годзе адпустовыя ўрачыстасці сталі выключнымі, бо пробашч парафіі кс. Леанід Несцюк, які шмат сэрца ўкладае ў служэнне ў Гервятах, адзначаў 20 гадоў працы ў мясцовым касцёле. Парафіяне і госці выказалі святару сардэчныя віншаванні. Прадстаўнік мясцовай улады адзначыў, што кс. Леанід Несцюк з’яўляецца «гонарам Астравеччыны».

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які маліўся ў інтэнцыі ўсёй парафіі і яе гасцей, а таксама аб міры ў кожнай сям’і і ў краіне.

Вітаючы гасцей, кс. Леанід Несцюк сказаў, што кожны год вернікі пакідаюць свае дамы і справы і з розных куткоў Беларусі і Літвы з’язджаюцца ў Гервяты, каб з’яднацца тут у малітве і адчуць Божую блізкасць, папрасіць Бога аб супакоі ў свеце, сваіх сем’ях і душах.

«Бязмежная любоў да Бога, нашага нябеснага Айца і Стварыцеля ўсёй зямлі, аб’ядноўвае нас усіх у гэты цудоўны дзень у нашым цудоўным касцёле Святой Тройцы», — дадаў кс. Леанід Несцюк.  

Святар адзначыў, што вельмі ўдзячны біскупу Гродзенскаму, які 20 гадоў таму сваім дэкрэтам прызначыў яго пробашчам гэтай парафіі.

«За гэты час Гервяцкі край стаў для мне родным і блізкім. У маім служэнні мне дапамагалі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, мае родныя парафіяне, якія шчыра дзяліліся са мной сваёй любоўю і мудрасцю, сваімі добрымі сэрцамі і бязмежнай дапамогай у маёй душпастырскай і гаспадарчай дзейнасці», — узрушана дадаў пробашч.


У гаміліі падчас Імшы кс. Юрый Марціновіч адзначыў, што таямніца Найсвяцейшай Тройцы, якую ў гэты дзень успамінае Касцёл, — гэта вялікая таямніца веры, і яна суправаджае кожнага чалавека з моманту хросту да апошняга стуку сэрца.

«Мы не ведаем усяго аб Найсвяцейшай Тройцы, бо тут, на зямлі, ведаць гэтага не можам. Тым не менш мы ведаем столькі, колькі нам патрэбна для нашага збаўлення. Ведаем, што павінны старацца, каб нашы душы былі месцам прабывання Найсвяцейшай Тройцы. Ведаем, што павінны жыць у стане асвячальнай ласкі і старацца супрацоўнічаць з Тройцай», — сказаў святар.

Адпустовая Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Удзельнікі вярталіся дадому з адноўленай верай і ў надзеі, што Пан у сваёй бясконцай міласэрнасці будзе далей апекавацца імі і весці праз жыццё.

(JM)
Фота кс. Дзмітрыя Папенюка


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.