У Шчучыне адбылося падсумаванне катэхетычнага года для Літургічнай службы алтара і моладзевага хору |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
25.05.2016 11:52 |
У мінулыя выхадныя ў Шчучыне ў кляштары айцоў піяраў адбылося падсумаванне катэхетычнага года для асобных парафіяльных груп: Літургічнай службы алтара і моладзевага хору «Calasanz».
На сустрэчу былі запрошаны і бацькі дзяцей і моладзі шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы Авільскай, для якіх была арганізавана таксама фармацыйная частка сустрэчы. Галоўным пунктам дня стала супольная Эўхарыстыя, падчас якой маліліся аб міры, сапраўднай любові і разуменні ў сем’ях піярскіх выхаванцаў.
На заканчэнне Імшы бацькі разам з дзецьмі, трымаючыся за рукі, памаліліся адзін за аднаго перад сабранымі вернікамі.
Наступнай часткай сустрэчы быў адпачынак пры смажанні каўбасак і ў атмасферы конкурсаў і забаваў. Падчас гэтага вечару былі выбраны і ўзнагароджаны найлепшыя міністрант года (Дзмітрый Лобач) і харыстка года (Юлія Кройтар). Кожная такая сустрэча мае і сумную нотку развітання з тымі, хто заканчвае школу і выязджае на вучобу ў іншыя месцы. Па традыцыі, каб яны ніколі не забывалі групы, да якой належалі шмат гадоў, выпускнікам былі ўручаны сімвалічныя памятныя падарункі.
На заканчэнне ўсіх чакаў сюрпрыз — феерверк. Такім чынам для міністрантаў і моладзевага хору парафіі быў падсумаваны і завершаны 2015/16 душпастырскі год.
А. Віталій Слука SP
Фота Віталія Вароніка і Анастасіі Голец
|