26 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (м-н Індустрыяльны), дзе служаць айцы піяры, адбыліся ўрачыстая святая Імша і працэсія Божага Цела вуліцамі горада.
Узначалілі працэсію пробашч парафіі а. Андрэй Агель SР і вікарый а. Аляксандр Махнач SP. У ёй прынялі ўдзел шматлікія парафіяне, госці, члены ружанцовых колаў, міністранты, а таксама дзеці, якія ў нядзелю ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы прыступілі да Першай святой Камуніі і цяпер перажываюць «белы тыдзень».
Вернікі парафіі ў Лідзе і вернікі г. Гродна ўдзельнічалі ў працэсіях Божага Цела на завяршэнне Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які праходзіў у Гродне 24-26 мая, адначасова.
Падчас святой Імшы ў гаміліі а. Аляксандр Махнач SP сказаў: «Езус стаўся Хлебам, каб мы Яго спажывалі! Праз сённяшнюю ўрачыстаць Бог нагадвае нам, што Ён рэальна прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, але і прысутны ў жыцці кожнага з нас. Ідучы ў працэсіі вуліцамі нашай парафіі, Езус прагне ўвайсці ў дом кожнага з нас, у нашы сем’і, нашы радасці, клопаты і цяжкасці жыцця. Толькі Ён па-сапраўнаму нас любіць і з’яўляецца Панам нашага жыцця! Няхай нашыя сэрцы будуць прыгожымі манстранцыямі для Бога!»
Працэсія завяршылася спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем», у якім вернікі дзякавалі Богу за прысутнасць сярод іх і за 25-годдзе існавання Гродзенскай дыяцэзіі. 

Фота Маргарыты Снапко
|