Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працэсія Божага Цела прайшла ў Вялікай Бераставіцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.05.2016 13:44

26 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прайшлі вуліцамі гарадскога пасёлка ў працэсіі Божага Цела.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў Вялікі чацвер Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.

Пасля вячэрняй святой Імшы сотні вернікаў разам з а. Вальдэмарам Слотам і а. Анджэем Іадкоўскім прайшлі вуліцамі райцэнтра, каб публічна падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго, і вызнаць сваю веру ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Працэсія затрымлівалася каля чатырох алтароў, дзе чыталіся фрагменты Евангелля і адбывалася благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Асаблівую ўрачыстасць працэсіі надавала прысутнасць дзяцей, якія прынялі перад гэтым у нядзелю Першую святую Камунію і ў сваіх святочных белых уборах разам з дарослымі праслаўлялі Бога, не толькі даючы гэтым сведчанне сваёй веры, але і заахвочваючы іншых не баяцца паказваць сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла.

Ірына Міклаш, фота аўтара


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.