Сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
29.05.2016 10:42 |
28 мая ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, які прыняла моладзь. Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У святой Імшы ўдзельнічалі святары з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі ксёндз Раман Катлімоўскі засяродзіў увагу на тым, як важна быць міласэрным, паколькі ў сучасным свеце вельмі цяжка справіцца з усім злом, атакуючым чалавека. Таксама падкрэслівалася важнасць прыняцця з верай і адкрытым сэрцам дароў Святога Духа, якія робяць чалавека моцным у веры.
Маладыя вернікі песнямі і малітвамі дзякавалі Богу за прыняты сакрамэнт канфірмацыі, які паглыбіў іх сувязь са Святой Тройцай.
У канцы святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што для таго, каб жыць сапраўды шчасліва, трэба глядзець на гэты свет вачыма Бога, вачыма любові і міласэрнасці. Іерарх заклікаў маладых людзей не баяцца гаварыць пра Бога ў школе, дома, на вуліцы, абвяшчаць Яго хвалу ўсюды, дзе б ім ні давялося быць.
|