Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Навагрудку прайшоў першы Фестываль сям’і
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.05.2016 12:48

28 мая ў Навагрудку адбыўся Фестываль сям’і, які стаў першым адмысловым «парадам сем'яў» у горадзе. Фестываль уключаў у сябе як духоўную частку, так і забаўляльную праграму.

Ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемства стаў пробашч мясцовай парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын разам з парафіянамі, Аляксандр і Карына Калінкіны («ТРК Ангел ТВ»), Тэатр эстраднай песні і танцу VIZ-ART у супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі, а таксама дзякуючы спонсарскай падтрымцы арганізацыі «Глобал-дапамога дзецям». 

Дзеці атрымалі магчымасць праявіць свае мастацкія і танцавальныя здольнасці і адпачыць на свежым паветры разам з бацькамі.

Сям'я — «водбліск Бога»

Мерапрыемства пачалося святой Імшой у касцёле, на якой, як прызнаўся пробашч, «першы раз было столькі дзетак разам з бацькамі». У гаміліі, між іншым, кс. Юрый Жэгарын сказаў: «Сям’я з’яўляецца водбліскам адзінага Бога. І настолькі сям’я падобная да Бога, наколькі яна адзіная. Але адзінства – гэта плод, бо, каб было адзінства, павінна быць любоў, і менавіта Бог дае нам прыклад любові».


Пасля Імшы, благаслаўлення, якое ўдзяліў кс. Юрый, і сумеснай малітвы за сем’і Навагрудка і ўсёй Беларусі сем’і, якія прысутнічалі ў касцёле, разам з аркестрам вырушылі з плошчы Леніна да гарадскога парку, дзе адбылася асноўная частка святкавання.

«Калі скажу сваякам з Польшчы, што ў Навагрудку адбыўся парад сем’яў, не павераць»

Упершыню па Навагрудку крочыў парад сем’яў. У час крызісу сям’і гэта асабліва важна – паказаць, што ў грамадстве шмат нармальных сем’яў. Да сем’яў, якія крочылі са святыні, далучаліся таксама іншыя жыхары Навагрудка.

«Калі скажу маім сваякам з Польшчы, што ў нашым Навагрудку адбыўся парад сем’яў, яны не павераць», — з захапленнем казала адна з парафіянак.


Свята пачалося на сцэне, адкрылі яго кс. Юрый Жэгарын і начальнік аддзела адукацыі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Алег Анікевіч, які выказаў надзею, што Фестываль сям’і стане добрай традыцыяй і што падобныя мерапрымствы будуць праходзіць таксама ў іншых гарадах нашай краіны.

Алег Анікевіч дадаў, што Навагрудчына славіцца дзецьмі, і гэтыя традыцыі складваюцца ў сем’ях, тут існуе дзіцячы парламент.

«Тая колькасць дзяцей, якая прысутнічае на фестывалі, кажа аб тым, што настрой радасны… Кажуць, што кожная сям’я ўнікальная. Але яна перад усім унікальная тым, што ў ёй ёсць дзеці і дзецям у гэтых сем’ях утульна і цёпла... Вялікі дзякуй бацькам за тое, што ахінулі сваіх дзяцей турботай і клопатам, за тое, што аберагаеце дзяцей ад тых праблем, якія існуюць у свеце», — сказаў прадстаўнік Навагрудскага райвыканкама.


Конкурсы для дзяцей і ўсёй сям'і

Акрамя канцэрту, падрыхтаванага Тэатрам эстраднай песні і танцу VIZ-ART, сем’і маглі ўдзельнічаць у сямейных конкурсах. Мясцовыя жыхары таксама мелі магчымасць прыняць удзел у канцэрце – кожны жадаючы мог праспяваць або расказаць верш, гэтай магчымасцю часцей за ўсё карысталіся дзеці.

Працавала забаўляльная зона для дзяцей з паасобнымі забаўляльнымі астраўкамі (лялькі Маша і Мядзведзь, Тыгр, Смартфон, Дракоша, Робат; фотазона з расцяжкамі, аквагрым, конкурс малюнка на асфальце «Мая сям’я», творчы куток, міні-спартыўныя эстафеты).


Таксама адбыўся конкурс сямейнай выпечкі з дэгустацыяй (гаспадыні сур’ёзна паставіліся да задачы, і кожны прысутны на фестывалі меў магчымасць пакаштаваць вырабы), пераможцы конкурсу атрымалі падарункі.

Мэтай правядзення фестывалю было ўмацаванне статусу сям’і і пашырэнне традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў, такіх, як сужэнская вернасць, адзінства сям’і і шматдзетнасць. Удзельнікі фестывалю адчувалі сябе як адзіная сям’я.


Людміла Бурлевіч
Фота Людмілы Бурлевіч і Аляксандра Калінкіна


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.