Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеці мірскай парафіі Святога Мікалая прынялі першую Камунію
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.05.2016 17:17

«Апошнія дзянькі мая… Квітнее прырода, усё канчаткова абудзілася са сну і пачынае жыць поўнымі фарбамі. У гэты дзіўны час, час, калі сеянне скончылася і мы пяшчотна ахоўваем тое, што пасеялі, каб атрымаць годны плод, у мірскай парафіі Святога Мікалая дзеці ўпершыню ў жыцці прынялі Цела і Кроў Езуса.

Дзіўны дзень. Нядзеля. Водар бэзу разносіцца па касцёлу, напаўняючы яго асаблівай атмасферай урачыстасці і чалавечай пяшчоты. Гэты дзень асаблівы для самай маленькай у Гродзенскай дыяцэзіі, але па-сапраўднаму дружнай парафіі Святога Мікалая ў г. п. Мір Карэліцкага раёна.


У святыні гучаць асаблівыя малітвы — за будучыню, за дзяцей, якім на долю выпадае з гонарам працягнуць і несці справу Хрыста ў новы час. І гэта невыпадкова, бо для іх сёння дзень, калі яны сапраўды пачынаюць новае жыццё, новы летапіс. Дзень першай Камуніі.

Яшчэ ўчора яны толькі даведваліся, кім ёсць Бог, які Ён, чаму Ён быў на зямлі і навошта быў Крыж і пакуты, кім ёсць Святы Дух, а ўжо сёння, пасля першай споведзі, яны гатовыя ўпершыню прыняць Цела і Кроў Хрыста.

Светлыя адзенні, светлыя думкі, светлыя сэрцы. Гледзячы на твары хлопцаў і дзяўчат, дзівішся, колькі рашучасці і мудрасці хаваецца ў гэтых маленькіх, але вельмі мужных і шчырых сэрцах. Не менш цікавыя і глыбокія іх разважанні:

"Я прыходжу да Пана Бога таму, што Ён вучыць мяне дабру, вучыць любіць бліжняга. Я хачу стаць лепшым, каб некалі патрапіць у рай. Я вучуся размаўляць з Панам Богам: праслаўляць, дзякаваць, прасіць. Калі я раблю дрэнныя ўчынкі, я аддаляюся ад Пана Бога. Але ў мяне ёсць магчымасць пайсці да споведзі, дзе Бог заўсёды чакае мяне і прабачае мне мае грахі. Калі я буду ведаць пра Бога, я змагу расказаць пра Яго тым, хто не ведае нічога пра Яго", — дзеліцца Віця Шыманскі, які ў гэты дзень упершыню прыняў святую Камунію.


Віялета Цімашэнка расчулена распавядае пра Хрыста:

"Пан Езус памёр за нас на крыжы, але Ён жывы і жадае нам толькі дабра. Ён вучыць нас рабіць добрыя ўчынкі. Ён нічога для нас не шкадуе. Я прыходжу дзякаваць Яму за ўсё".

Калі чуеш думкі гэтых дзяцей, прыгадваеш словы Пана Езуса: "бо такіх ёсць Божае Валадарства". Езус неаднойчы кажа нам у святым Евангеллі, каб мы былі як дзеці, якія вераць бездакорна, безумоўна, шчыра і ўсім сэрцам:

"Я прыходжу да Пана Езуса, каб стаць сапраўдным хрысціянінам. Каб маліцца за бацькоў і маіх блізкіх, за тых, хто чыніць зло. Я прыходжу да Бога, каб Ён прабачыў мае памылкі, каб вучыцца любіць Езуса і  ніколі не аддаляцца ад Яго", — заўважае Андрэй Шыманскі.

Прыгажосцю ўсяго створанага Богам захапляецца Яна Карпава:

"Бог стварыў нашу прыгожую зямлю, людзей. Мы яго дзеці. Ён вельмі добры. Ён заўжды дапамагае мне ў маіх просьбах. Я таксама хачу навучыцца такой дабрыні".

Калі б кожны з нас у свае 11 год разумеў, як важна ніколі не аддаляцца ад Езуса Хрыста, шмат чаго пайшло б па-іншаму, шмат памылак не было б зроблена.

Варта адзначыць, што такі грунтоўны падыход не нараджаецца на пустым месцы. Гэтыя шчырыя словы,  шчырая і глыбокая вера — плод тых, хто сеяў, паліваў, ахоўваў…

"Я прыходжу да Пана Езуса, каб самаму станавіцца лепшым, каб навучыцца любіць Бога, размаўляць з Ім і быць Яго сябрам", — заўважае Зміцер Прахарэнка.

"Мяне прывялі сюды мае тата і мама. Яны хочуць, каб я быў шчаслівы", — падзяліўся Ілья Прахарэнка.

Наступіў самы адказны момант. Агонь душы запалены. Дзеці сталі на калені. "Цела Хрыста"… "Амэн"… Ахвяра прынесена. Пачаўся адлік новага жыцця.

Жыцця, у якім шмат выпрабаванняў, спакус… Але з Езусам няма нічога немагчымага.

Застаецца толькі пажадаць дзеткам прайсці гэты шлях да канца».

Таццяна Пятрова,

фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.