Трэці дабрачынны марафон «15 дзён у абарону жыцця і сям’і» прайшоў у Гродна |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
31.05.2016 12:38 |
Штогадовы пралайф марафон праходзіць у Гродна з 15 мая па 1 чэрвеня. Гэтая адмысловая акцыя, у якой удзельнічаюць католікі і праваслаўныя, уключала малітвы ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей, вулічныя акцыі, сустрэчы і прэс-канферэнцыі, прысвечаныя абароне жыцця, а таксама аўта-мотапрабег вуліцамі горада. Удзельнікі марафону маліліся ў інтэнцыі абароны дзяцей, захаванні жыцця, умацавання сем’яў. Таксама на працягу некалькіх дзён на пляцоўцы Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора была праведзена акцыя «Свяча памяці». Людзі запальвалі свечкі памяці ненароджаным дзецям, забітых у мацярынскім улонні. «Пастаўце па маіх...» — з болем у голасе і слязьмі на вачах казалі некаторыя жанчыны. «Каб толькі можна было вярнуць час...», «Я плачу кожны дзень...», «Я не ведаю, як пазбавіцца ад гэтага болю...», «Дайце мне тры свечкі...», «Чатыры свечкі...». Скруха, слёзы і бясконцы боль — расплата за ўчыненае...
У межах марафону прайшлі шматлікія сустрэчы з удзелам урача-педыятара, спецыяліста ў вобласці абароны жыцця і сям’і Наталлі Жалезнай, а таксама прэс-канферэнцыя з удзелам каардынатара Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцей іерэя Аляксандра Гука.
Традыцыйна для дадзенага дабрачыннага марафона адбыўся аўта-мотапрабег «Гродна — за забарону абортаў». Удзельнікі праехалі па Гродне, узяўшы ў «малітоўнае кола» ўсе бальніцы і жаночыя кансультацыі абласнога цэнтра, у якіх робяцца аборты.
На сродкі, сабраныя ў час правядзення акцый, на вуліцах горада з’явіліся новыя білборды з заклікам да маці захаваць жыццё. Усяго на вуліцах Гродна было пастаўлена каля 30 білбордаў. 1 чэрвеня супрацоўнікі Цэнтра «Радзіма» правядуць духоўна-асветніцкую размову з гінеколагамі, акушэрамі, псіхолагамі і псіхатэрапеўтамі жаночай кансультацыі №4 г. Гродна. Штогод у Беларусі здзяйсняецца больш за 25 тысяч абортаў, штодня больш за 100 абортаў. Калі ўлічыць выкарыстанне кантрацэптываў абартыўнага дзеяння, то лік абортаў павялічваецца ў разы. У Гродзенскай вобласці па афіцыйных даных за 2015 год 2 399 немаўлят не з’явілася на свет па прычыне забойства ў абортах. У першым квартале 2016 года патрэбна было б запаліць 494 свечкі ненароджаным дзецям... Кожную першую суботу месяца ў парафіі Божай Міласэрнасці (касцёл на Вішнёўцы) у 18.30 праводзіцца адарацыя ў абарону Жыцця, святая Імша ў 19.00 з благаслаўленнем для сужонкаў, якія чакаюць дзяцей, а таксама тых, хто жадае мець дзяцей. Пасля святой Імшы пройдзе сустрэча малітоўнай групы. Усе жадаючыя запрашаюцца да ўдзелу ў малітве за жыццё. Па ўсіх пытаннях можна звяртацца па тэлефоне: 80336554190 |