Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі ўдзельнікамі грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.06.2016 10:19

31 мая навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з прэфектам кс. Віталіем Сідоркам наведалі абласную бібліятэку імя Ф. Карскага, дзе на чарговым пасяджэнні грамадскага дыскусійнага клуба «Словадром» адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі па пытаннях рэлігіі ў літаратуры і жыцці.

Шматлікія пісьменнікі, паэты, публіцысты, студэнты, навукоўцы,  прадстаўнікі розных рэлігійных плыняў — каталіцкай, праваслаўнай,  юдэйскай — спрабавалі падчас дыскусій выказаць свой пункт гледжання на шматлікія пытанні, звязаныя з уплывам ідэй хрысціянства на мастацтва, у тым ліку і на літаратуру. 

Асабліва прыемна было пачуць з вуснаў як пачынаючых, так і ўжо сталых паэтаў Гродзеншчыны асабістыя вершы на рэлігійную тэматыку.

Семінарыйная супольнасць дзякуе Богу за атрыманую магчымасць не толькі пачуць думкі людзей розных светапоглядаў, але і дакрануцца да культурнай спадчыны паэтаў беларускай зямлі, якія пакінулі пасля сябе значны след у гісторыі беларускай літаратуры, а таксама пазнаёміцца з сучаснымі мастакамі слова, якія спрабуюць сваё пяро ў хрысціянскім накірунку.  

Такія сустрэчы не толькі ўзбагачаюць веды кожнага семінарыста, але і фарміруюць асобу святара, які павінен няспынна клапаціцца пра сваё развіццё, быць адукаваным, мудрым, кампетэнтным у шматлікіх пытаннях, каб у далейшай святарскай дзейнасці не толькі даносіць Божае слова, але і садзейнічаць духоўнаму і інтэлектуальнаму росту іншых.

Яўген Амасёнак,
навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне,
фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.