1 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. На сустрэчу дзяцей прыбылі таксама прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Мінска, Маладзечна, Нясвіжа, Гатава і Будслава.
Агулам у сустрэчы прыняло ўдзел больш за 2100 чалавек.
Сёлета свята праходзіла пад дэвізам «Міласэрнасці час да Бога набліжае нас!». Мэтай арганізатараў было нагадаць пра Юбілейны Год Міласэрнасці ў Паўсюдным Касцёле, калі Святы Айцец Францішак заахвочвае ўсіх дзяцей Касцёла да здзяйснення добрых учынкаў.
Наблізіцца да Хрыста Арганізатары заахвочвалі дзяцей выкарыстаць гэты час, як найлепш, каб наблізіцца да Пана Бога і Яго Касцёла. Каб праз учынкі Міласэрнасці для душы і цела Пан Бог станавіўся ўсё больш бліжэйшым, а чалавек, які знаходзіцца побач, мог заўсёды адчуваць дапамогу і падтрымку.
Падчас сёлетняга Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці дзякавалі і за 25 гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі. Дзеці маліліся і за свайго біскупа Аляксандра Кашкевіча, які таксама святкуе 25-годдзе біскупскай сакры.
Пан Бог у сваёй ласцы падарыў у гэты дзень цудоўнае надвор’е, каб усё тое, што планавалі арганізатары, удалося рэалізаваць. А забаваў для дзяцей, як і кожны год, было вельмі шмат.
Па традыцыі доўгія чэргі дзяцей стаялі каля ўваходу да батутаў. Ішла праца ў творчых майстэрнях, дзе дзеці маглі маляваць, ляпіць розныя рэчы з гліны, пластыліну; працаваў «салон прыгажосці», дзе маленькія ўдзельнікі маглі замовіць сабе прычоску або атрымаць малюнак спецыяльнымі фарбамі на твары. Таксама ў праграме былі розныя спартыўныя спаборніцтвы, дзе дзеці маглі паказаць свае здольнасці ў спорце.
Арганізатары паклапаціліся і пра самых малодшых удзельнікаў, для якіх таксама былі арганізаваныя адмысловыя забавы.
Утвараючы адну сям’ю
Урачыстае адкрыццё VI Дыяцэзіяльнага Дня дзіцяці здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які зазначыў, што гэта асаблівы дзень, «таму што прагнем выказаць Пану Богу падзяку за дар нашага Касцёла на Гродзеншчыне і за тое, што мы ўсе ў ім прабываем і яго ўтвараем».
Іерарх пажадаў дзецям, каб час, праведзены разам, быў для іх перад усім узмацненнем сувязі з Езусам Хрыстом, Які з’яўляецца найлепшым прыяцелям кожнага чалавека.
Асаблівасцю сёлетняй сустрэчы дзяцей Гродзенскай дыяцэзіі стаў актыўны ўдзел супрацоўнікаў службы МНС, якія распавялі дзецям пра асновы пажарнай бяспекі, правялі віктарыны, пераможцы якіх атрымалі падарункі. Акрамя таго дзеці на свае вочы маглі пабачыць пажарныя машыны, сузіраючы іх у непасрэднай блізкасці. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пагуляць з сабакамі, якіх прывезлі кінолагі. З зацікаўленасцю дзеці слухалі і выступленне духоўнага аркестра службы МНС.
Госцем Дня дзіцяці быў таксама і семінарыйны гурт «AVE» з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Семінарысты падарылі дзецям шмат яскравых эмоцый і ўражанняў. Спяваючы песні, яны разам праслаўлялі Бога, дзякуючы за 25 гадоў Гродзенскай дыяцэзіі. На заканчэнне кожны з удзельнікаў атрымаў памятныя падарункі ад арганізатараў, а таксама картку, на якой былі напісаныя ўчынкі Міласэрнасці для душы і цела. Кожнае дзіця арганізатары заахвочвалі, каб тыя ўчынкі сталі для яго дарожнымі ўказальнікамі яго жыцця, каб дзеці адорвалі дабром, любоўю, лагоднасцю іншых людзей, перад усім сваіх блізкіх, якіх Пан Бог штодня ставіць побач.
Галоўны арганізатар Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч, які з’яўляецца ініцыятарам сустрэчы дзяцей у Гродне, на заканчэнне свята падзякаваў усім за ўдзел ў сустрэчы, складаючы словы падзякі таксама і ўсім валанцёрам, якія актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы свята.
«Гэта доўгі спіс асобаў і арганізацый, якія духоўным і матэрыяльным чынам падтрымалі гэтую прыгожую справу, і немагчыма пералічыць іх усіх. Без маладых і дарослых валанцёраў і аніматараў, якіх было каля 100, немагчыма было б падрыхтаваць і так цудоўна рэалізаваць гэтае свята. Я ўдзячны Пану Богу за кожнага валанцёра і за кожнага чалавека добрай волі, які словам або справай зрабіў свай унёсак у наш прыгожы праект», — адзначыў кс. Юрый Марціновіч.
VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці завяршыўся, дзеці вярталіся да сваіх дамоў радасныя i загарэлыя, вярталіся дадому з канкрэтнай задачай: быць міласэрнымі насколькі, наколькі міласэрным з’яўляецца Бог.
Ганна Глебoвіч, (IL)
|