Апошні дзень навучальнага года і 60-годдзе святарства кс. Тадэвуша Вышынскага адзначылі ў семінарыі ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
04.06.2016 15:11 |
3 чэрвеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся апошні дзень навучальнага года.
Для семінарыйнай супольнасці мінуў напружаны час экзаменацыйнай сесіі, калі семінарысты зрабілі для сябе «рахунак сумлення» адносна таго, як выкарысталі дадзены Богам час на здабыванне ведаў і іншых духоўных каштоўнасцяў. Але для духоўнай фармацыі будучага святара вельмі важную ролю адыгрывае таксама прыклад жыцця і сведчанне веры тых святароў, якіх па Божай волі аказаліся на шляху семінарыстаў падчас іх вучобы.
У апошні дзень навучальнага года супольнасць семінарыі ў Гродне адзначала 60-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння кс. праф. Тадэвуша Вышынскага, які на працягу многіх гадоў існавання семінарыі дапамагаў яе навучэнцам спасцігаць жыццёвую мудрасць і суправаджаў іх на нялёгкай дарозе да святасці.
У інтэнцыі шаноўнага юбіляра адбылася святая Імша, у якой прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхавацелі семінарыі на чале з кс. рэктарам Раманам Рачко, шматлікія госці з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.
Таксама падчас Эўхарыстыі кандыдаты, якія атрымаюць дыяканскае і прэзбітэрскае пасвячэнні, склалі ўрачыстыя дэкларацыі, у якіх пацвердзілі гатоўнасць прыняцця гэтага вялікага дару і задання.
З сыноўскім даверам і адданасцю Нябеснаму Айцу семінарыйная супольнасць просіць, каб Бог адарыў свайго слугу кс. праф. Тадэвуша Вышынскага неабходнымі ласкамі, каб ён мог і далей распаўсюджваць Божае Валадарства на зямлі і быць знакам вялікай веры і сапраўднага святарскага служэння.
|
Фотарэпартаж |