4 чэрвеня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe тром дыяканам і дыяканскае пасвячэнне аднаму навучэнцу Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Новымі прэзбітэрамі Гродзенскай дыяцэзіі сталі кс. Андрэй Скамарошка, кс. Павел Скуба i кс. Ян Варанецкі, дыяканам — Яўген Ціхан.
Ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, родныя тых, хто прыняў у гэты дзень пасвячэнне, і шматлiкiя вернiкi. Кандыдатаў прадставіў біскупу Аляксандру Кашкевічу рэктар семiнарыi кс. д-р Раман Рачко.
Вeрнасць Богу і Касцёлу да канца
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў вернікам і кандыдатам да пасвячэння, што прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні — дар Божага Провіду для Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Паўсюднага Касцёла.
«Прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні самі па сабе не змяняюць чалавека, калі кандыдат не будзе кіравацца глыбокай верай у таямніцу гэтай падзеі і кожны дзень чэрпаць смак радасці святарскага служэння з гэтай дзівоснай скарбніцы», — сказаў гродзенскі ардынарый.
Іерарх нагадаў кандыдатам, што канфесіянал, алтар, малітва і пост, пакора і любоў утвараюць крыніцу моцы Касцёла і служэння кожнага святара.
«Не дазволім сабе паддацца сучаснаму свету, які “крадзе” духоўнае жыццё. Мы, святары, хочам карыстацца тым, што нам дорыць свет, але ў той жа час гэтаму свету трэба даць тое, чаго яму не хапае, — значыць ажывіць яго духоўна», — заклікаў біскуп. Гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што сучаснаму свету трэба перш за ўсё паказваць Бога. «Трэба паказваць найперш такія каштоўнасці, як вернасць Божай волі, вернасць Касцёлу, вернасць святарскім абяцанням — цэлібату, жыццю ў чыстасці, вернасць малітве, унутранай дысцыпліне, святарскім прынцыпам у побыце, культуры мовы — гэта ўтварае прыгажосць святарства, якое асвячае нас саміх і набліжае людзям вобраз Бога», — сказаў іерарх.
З’яднанне з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром
Пасля гаміліі біскупа кандыдаты да пасвячэння склалі абяцанні, праз якія ўзялі абавязак вернага выканання святарскага служэння, пільнага і мудрага служэння Слова, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў для асвячэння народу, малітвы і цеснага яднання з Хрыстом, Найвышэйшым Святаром.
На заканчэнне Імшы да прысутных ад імя новапасвячаных звярнуўся кс. Павел Скуба, які падзякаваў тым, хто вёў іх да Хрыстовага алтара, бацькам за перададзеную веру, любоў і цеплыню сямейнага дома.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў сваім новым супрацоўнікам прыгожага святарства, якое будзе асвячаць іх саміх і набліжаць людзям вобраз Бога.
Іерарх падзякаваў таксама бацькам новапрэзбітэраў і дыякана, a ўсіх прысутных заахвоціў да малітвы, цярпення, посту ў інтэнцыі святароў, каб яны без сумненняў неслі ўсім Езуса Хрыста.
Перад днём пасвячэння будучыя прэзбітэры і дыякан прынялі ўдзел у рэкалекцыях, якія непасрэдна падрыхтaвалі іх да гэтай важнай падзеі. Рэкалекцыі праводзіў а. Юрый Саковіч OSPPE у Карэлічах.
Ксёндз Андрэй Скамарошка нарадзіўся 18 ліпеня 1991 г. Паходзіць з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.
Ксёндз Павел Скуба нарадзіўся 29 чэрвеня 1991 г. Паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г. Паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне.
Дыякан Яўген Ціхан нарадзіўся 18 верасня 1986 г. Паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Эрнэста Мікалайчыка
|