Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Быць сведкам Хрыста: восем хлопцаў з Ліды сталі міністрантамі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.06.2016 22:03

3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне восем хлопцаў з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе былі прыняты ў міністранты.

Кандыдаты прайшлі курс падрыхтоўкі, каб стаць сапраўды адказнымі і сумленнымі міністрантамі. Падрыхтоўку яны праходзілі разам са старэйшымі братамі-міністрантамі, якія дапамагалі ім сваім прыкладам служэння ў Касцёле.

У семінaрыю прыехалі 18 хлопцаў, якія раздзялілі з кандыдатамі гэты радасны момант у іх жыцці. Экскурсію па будынку навучальнай установы для іх правёў прэфект семінарыі кс. Андрэй Лішко, які паказаў гасцям, як жывуць і вучацца семінарысты.



На ўрачыстай Эўхарыстыі ў семінарыйнай капліцы кандыдаты атрымалі комжы і склалі міністранцкую прысягу. Апякун міністрантаў кс. Юрый Гурскі падчас святой Імшы адзначыў: «Удзел у Літургічнай службе алтара – гонар не толькі для кожнага з хлопцаў, але і для іх бацькоў, таму міністрант павінен быць адказным, пільным і акуратным, павінен дапамагаць падчас святой Імшы, што з’яўляецца самай вялікай таямніцай у жыцці кожнага хрысціяніна».

Вельмі кранальным і прыгожым момантам падчас Імшы была дапамога старэйшых міністрантаў сваім новым «калегам» апранаць комжы. Новыя міністранты з гонарам і ўдзячнасцю пачалі служэнне пры алтары.

Пасля Імшы міністранты наведалі святыні Гродна, убачылі прыгажосць сакральнага дойлідства пабернардынскага касцёла, веліч катэдральнай базылікі. Таксама яны пабывалі на вежы, пабачылі самы стары гадзіннік у Еўропе і дакрануліся да мінулага нашых продкаў у архітэктуры храма.

Міністрантаў чакае яшчэ доўгая дарога навучання, падрыхтоўкі і больш глыбокага пазнавання багацця літургіі, але парафія Святой Сям’і ў Лідзе ўжо сёння ганарыцца імі, жадае плённага служэння і абяцае малітву і падтрымку.


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.