Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльны дзень бацькі адзначылі ў Капцёўцы: пайсці за Езусам шляхам служэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.06.2016 14:04

У першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дыяцэзіяльны дзень бацькі, калі ва ўсіх святынях дыяцэзіі моляцца за жывых і памерлых бацькаў. Галоўныя святкаванні прайшлі 5 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы.

У гэты дзень раніцай у санктуарый вырушыла пешая пілігрымка з Гродна, у якой прынялі ўдзел бацькі сем’яў, іх жонкі і дзеці.

На Узгорку надзеі пілігрымаў прывітаў кс. Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя. Святар заклікаў бацькаў даверыць свае сем’і Найсвяцейшай Панне Марыі, якая заўсёды гатова прыйсці з дапамогай сваім дзецям. Кусташ падзякаваў мужчынам за іх сведчанне веры, якое яны выразілі праз удзел у пешай пілігрымцы і прыгожым спеве.

Бацька — стоўп і апора сям’і


«Кожны бацька з’яўляецца стаўпом і апорай сям’і. Сёння нам вельмі патрэбны добрыя бацькі і мужы, якія сваім штодзённым жыццём будуць паказваць перш за ўсё сваім самым блізкім вобраз Бога — любячага Айца», — адзначыў кс. Міхал Ластоўскі.

Традыцыйна пілігрымаў чакала ў Капцёўцы багатая духоўная праграма. На пачатку вернікі сабраліся ў санктуарыі на малітве Вяночка да Божай Міласэрнасці, якую ўжо па традыцыі праводзіў ксёндз прэлат Юрый Лявінскі.

Канферэнцыю на тэму «Як быць міласэрным у сучасным свеце» прамовіў кс. Юрый Марціновіч. Святар адзначыў, што ў Юбілейны Год Міласэрнасці Папа Францішак заахвочвае ўсіх дзяцей Касцёла прыгадаць учынкі міласэрнасці адносна душы і цела.

«Учынкі міласэрнасці — гэта любоў, якую мы сведчым таму, каму патрэбны паратунак», — заўважыў кс. Юрый Марціновіч.

«Беды ёсць розныя, не толькі матэрыяльныя. Таксама і міласэрнасць — гэта не толькі дапамога, якую аказваем галоднаму, бяздомнаму або цяжка хвораму, але і гэта і падаць руку таму, хто падпаў пад спакусу самазабойства, каго мучыць нязносная адзінота, хто ўнутрана зламаўся пасля смерці дзіцяці, каго напаткала якаясьці вялікая несправядлівасць», — сказаў святар.

Міласэрнасць — гэта служэнне


У канферэнцыі падкрэслівалася, што быць міласэрным азначае спачуваць, літавацца, дапамагаць, змілавацца над кімсьці.

«Міласэрнасць — гэта значыць дабрыня, прыхільнасць, вернасць, ласка, любоў. Міласэрнасць — гэта ўчынак Бога, які літуецца над чалавечай немаччу, цярпеннем і грахом; паніжаецца да чалавека, дапамагае, лечыць, прабачае», — падкрэсліў кс. Юрый Марціновіч.

Святар адзначыў, што міласэрнасць — гэта найперш служэнне іншаму чалавеку. «Быць міласэрным — значыць пайсці за Езусам шляхам служэння. Няхай жа наша жыццё ў сям’і будзе заўсёды адным вялікім служэннем», — падсумаваў святар.

Пілігрымы прынялі ўдзел таксама ў набажэнстве Крыжовага шляху.

Кульмінацыйным пунктам была ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў кс. Ян Рушніцкі, дэкан дэканату Гродна-Захад. Падчас Эўхарыстыі маліліся асабліва за ўсіх бацькаў дыяцэзіі, каб яны кожны дзень паказвалі сваім сем’ям прыгажосць хрысціянскага жыцця.

 (JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.