Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Квасоўцы ўзгадалі кс. Яна Занеўскага ў першую гадавіну яго смерці (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.06.2016 16:00

7 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (Гродзенская дыяцэзія) адбылася святая Імша ў першую гадавіну смерці кс. Яна Занеўскага, шматгадовага пробашча гэтай парафіяльнай супольнасці.

У Эўхарыстыі прынялі ўдзел шматлікія святары з усёй дыяцэзіі, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія з вялікай павагай і ўдзячнасцю ўзгадваюць гэтага душпастыра, які рана адышоў у вечнасць.

Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што спачылы год таму кс. Ян Занеўскі з вялікім запалам служыў на ніве Пана і з вялікай адданасцю справам Касцёла прыгожа рэалізаваў сваё святарства.

У гаміліі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі нагадаў святарскі шлях спачылага, яго актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці і Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх адзначыў, што кс. Ян Занеўскі з вялікім запалам служыў сваім вернікам, да якіх быў пасланы Касцёлам, а яго жыццё было адным вялікім служэннем, якое ён выканаў вельмі добра.

На заканчэнне Імшы адбылося асвячэнне памятнай табліцы ў касцёле, ахвяраванай вернікамі парафіі. Яна будзе нагадваць пра асобу спачылага святара, які 15 гадоў быў пробашчам у Квасоўцы.



Пасля Эўхарыстыі духавенства і вернікі сабраліся на месцы пахавання кс. Яна Занеўскага, дзе адбылося асвячэнне помніка, усталяванага на яго магіле. Таксама прысутныя памаліліся аб тым, каб Бог у сваёй міласэрнасці прыняў яго душу ў лік збаўленых.

Ксёндз Ян Занеўскі адышоў у вечнасць пасля цяжкай хваробы 6 чэрвеня 2015 г. на 50-м годзе жыцця i 25-м годзе святарства.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.