«Ідзі, спаўняючы Божую волю»: новапрэзбітэр Аляксандр Стока OCD узначаліў прыміцыйную Імшу ў Гродне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
08.06.2016 14:02 |
Кармэліт а. Аляксандр Стока, які 4 чэрвеня прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Мінску, узначаліў прыміцыйную Імшу ў роднай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (аўгустовак) у Гродне. На Імшы прысутнічалі родныя і блізкія новапрэзбітэра, а таксама правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Ян Маліцкі OCD і правінцыяльны сакратар а. Гжэгаж Малец OCD.
З гаміліяй да прысутных падчас прыміцыйнай Імшы а. Аляксандра звярнуўся а. Пётр Фраштэнга OCD. Святар прыгадаў гісторыю паклікання Езусам апосталаў, якія былі рыбакамі, адзначыўшы, што Хрыстус убачыў іх чалавечыя якасці, так неабходныя Яму ў апосталах для абвяшчэння Евангелля. Як адзначыў кармэліт, «сведчанне, якое будзеш даваць Божаму народу, залежыць ад тваёй асабістай сувязі з Эўхарыстыяй»: «Няхай дзякуючы тваёй працы ўзрастае любоў да Хрыста. Вобраз вячэрнка, а ў ім і Хрыста, які спажывае Апошнюю вячэру ў атачэнні вучняў, няхай напаўняе пачуццём братэрства і супольнасці». Прыгадваючы словы на прыміцыйным абразе новапрэзбітэра («Пане, Ты ведаў мяне, аднак выбраў. Прымі такім, якім я ёсць, і зрабі такім, якім прагнеш, каб быў»), а. Пётр звярнуўся да а. Аляксандра з наступнымі словамі: «Ідзі, спаўняючы Божую волю. Ганарыся гэтым словам, дадзеным Хрысту, але найперш будзь Яму верным ажно да канца. Заставайся пры алтары, ажно пакуль не надыдзе вечар».
Завяршылася святая Імша благаслаўленнем, якое ўдзяліў новапрэзбітэр праз ускладанне рук на галовы вернікаў. |