Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Канікулы з Богам» для дзяцей і моладзі прайшлі ў лідскім фарным касцёле
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.06.2016 13:02

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (фарны касцёл) сёстры назарэтанкі зладзілі «Канікулы з Богам» для дзяцей і моладзі.

«Цэлы тыдзень Ліда грымела “крычалкамі” нашых юных католікаў, — распавяла Catholic.by сястра Кляра Святой Тройцы. — То тут, то там з’яўляўся доўгі паравозік з 200 чалавек з прыгожымі сцягамі і хрысціянскімі дэвізамі. Па дарозе ў замак, сталоўку ці кіно нашыя дзеткі не саромеліся і з радасцю і гонарам “евангелізавалі” лідчан».


Кожны дзень у дзяцей і моладзі пачынаўся святой Імшой у фарным касцёле і знаёмствам з новым святым. Такім чынам яны пазнаёміліся са св. Янам Паўлам ІІ, св. Максімільянам, бл. Францішкай Сядліскай, сёстрамі-мучаніцамі з Навагрудка, св. Айцом Піо і св. апосталам Барнабам. Пасля Імшы быў сняданак, танцы, гульні і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Падсумоўвала дзень «пяцімінутка» ад кс. Уладзіслава Сурвілы на тэму святой Імшы.  

Кожная з шасці каманд збірала балы за добрыя паводзіны, гульні, узаемадапамогу і супольны дух. Іх аніматары дапамагалі, падказвалі, накіроўвалі і шчыра клапаціліся аб сваіх падапечных.


«Пан Бог благаславіў гэты час нашага адпачынку і добрым надвор’ем, і сваёй апекай, і добрымі людзьмі, якіх мы часта сустракалі і якім вельмі ўдзячныя! — дадала сястра Кляра Святой Тройцы. — Спадзяёмся, што нашыя дзеці не толькі распачалі свае канікулы з Богам, але і праз усё лета, і праз усё жыццё будуць крочыць са сваім Збаўцам і верна Яго слухаць».

(AG)
Фота Марыі Чарняк

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.