Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў Смаргоні |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
14.06.2016 14:52 |
Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе. У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што ў сучасным свеце вельмі важна быць рыцарам Езуса, які без страху вызнае сябе веруючым і гатовы аддаць за Яго жыццё. Таксама іерарх падрабязна растлумачыў гісторыю станаўлення сакрамэнту.
Параўноваючы сакрамэнты канфірмацыі і хросту, біскуп адзначыў, што святы Касцёл у сваёй мудрасці раздзяліў іх для таго, каб вернікі маглі стала і самастойна прасіць аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі. Іерарх растлумачыў, што ў гэтым сакрамэнце Езус Хрыстус намашчвае вернікаў Духам Святым, Духам праўды і любові, Духам мужнасці, Духам адказнасці за Касцёл і за прысутнасць Хрыста ў свеце. Біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў прысутных быць адважнымі сведкамі сваёй веры, несці яе з радасцю і адказна перадаваць іншым. Таксама іерарх адзначыў, што, прымаючы дар Святога Духа, кожны чалавек атрымлівае таксама канкрэтнае заданне і абавязак служыць і абараняць Касцёл. Напрыканцы святой Імшы вернікі выказалі словы падзякі біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за ўдзелены сакрамэнт, супольна перажытую Эўхарыстыю, малітву і словы, якія іерарх скіраваў да іх. Таксама парафіяне выказалі шчырую ўдзячнасць пробашчу кс. Алегу Жураўскаму SDB, кс. Аляксандру Пятровічу і с. Ірыны Барцэвіч FMA, якія ахвярна рыхтавалі іх да сакрамэнту канфірмацыі, духоўна суправаджалі і падтрымлівалі. Наталля Субко, Вераніка Рогач, sdb.by (АлГ) Фота sdb.by |