Новапрэзбітэр Аляксандр Стока OCD удзяліў благаслаўленне выпускнікам лаздунскай парафіі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.06.2016 11:37 |
12 чэрвеня парафія Свв. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах сардэчна вітала а. Аляксандра Стоку OCD, які па запрашэнні пробашча кс. Анджэя Бурака цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў інтэнцыі ўсіх парафіян, а асабліва выпускнікоў мясцовай школы. Ксёндз Анджэй таксама маліўся за выпускнікоў, якія дзякавалі Богу за гады вучобы, за паспяховую здачу выпускных экзаменаў і прасілі благаслаўлення і дароў Святога Духа на час уступных іспытаў і выбар будучай прафесіі. На Імшы прысутнічалі таксама бацькі, родныя і сябры выпускнікоў.
Айцец Аляксандр Стока OCD у гаміліі ўзгадаў пра нялёгкае заданне кожнага хрысціяніна — няспынна прабачаць адзін аднаму. «Дэвізам кожнага павінны быць словы Езуса Хрыста, што трэба прабачаць не сем разоў, але ажно 77», — заўважыў святар.
На заканчэнне ўрачыстай Імшы пробашч парафіі звярнуўся да выпускнікоў. Як распавёў святар, пяць гадоў таму ў парафіі быў толькі адзін міністрант, дарэчы, сённяшні выпускнік. Як і апостал Андрэй, які прывёў да Езуса свайго брата Пятра, так і гэты адзін міністрант, па словах пробашча, прывёў свайго брата, а той, у сваю чаргу, свайго сябра, і г.д., і, як вынік, сёння ля алтара прыслугоўвае каля 20 міністрантаў і кандыдатаў, малодшаму з якіх 5 гадоў. «Дарагія мае, сёння вы пачынаеце новы этап у сваім жыцці. І, як у Святым Пісанні, вы выплываеце на глыбіню. Я з вялікай радасцю і гонарам адпраўляю вас на вялікую ваду. Няхай гэты свет, у якім мы жывём, будзе для кожнага з вас караблём, а вы будзеце на ім капітанам», — сказаў кс. Анджэй. Кожны выпускнік атрымаў ад пробашча лаздунскай парафіі крыж. Такі самы крыж атрымаў і айцец Аляксандр Стока OCD, які ўдзяліў усім вернікам, у тым ліку выпускнікам, сваё прыміцыйнае благаслаўленне і раздаў памяткі.
Парафіяне ў сваю чаргу скіравалі цёплыя словы падзякі новапрэзбітэру, пажадаўшы яму плённай працы на Божай ніве. Бацькі выпускнікоў падзякавалі кс. Анджэю Бураку за руплівую працу, клопат пра іх дзяцей, за выхаванне ў духу веры, катэхізацыю, прыклад служэння Богу і бліжняму. (MV) фота Людмілы Чыпірук |
Фотарэпартаж |