Біскуп Аляксандр Яшэўскі да ўдзельнікаў VIII Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі: «Цаніце дар Езуса ў табернакулюме» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.06.2016 11:33 |
Другі дзень VIII Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі распачаўся святой Імшой ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка). Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёна Аляксандр Яшэўскі SDB, які таксама звярнуўся да прысутных з гаміліяй. На св. Імшы сабраліся ўсе ўдзельнікі Парафіяды разам са сваімі душпастырамі і манаскімі сёстрамі, якія падтрымліваюць іх у гэтыя дні. «Па прыкладзе першага Пантыфіка св. Пятра ў гэтым Надзвычайным Годзе Божай Міласэрасці мы ўсе павінны навучыцца прызнаваць Езуса сваім Месіяй, а таксама Міласэрным Айцом», — зазначыў у гаміліі іерарх.
Біскуп Аляксандр пацікавіўся ва ўдзельнікаў Парафіяды, што з’яўляецца для іх самым важным у жыцці. Адказы былі самымі рознымі: застацца веруючым да канца жыцця, не страціць у малітве Бога, трываць у нястомным кантакце з Богам... Зыходзячы з адказаў моладзі, біскуп з Магілёва пажадаў ёй, каб гэтыя важныя для іх рэчы яны ўсе захавалі ў сваім хрысціянскім жыцці да канца і паглыблялі іх, дзелячыся з іншымі дарам веры. Нагадваючы пра Евангелле з дня — якая запаведзь найбольшая ў законе і адказ на гэта Хрыста «любі Бога ..... і бліжняга ..... », іерарх заахвоціў дзяцей і моладзь «праяўляць любоў да Бога асабліва праз Эўхарыстыю», «цаніць дар Езуса ў табэрнакулюме» і «ўчыніць з нядзельнай святой Імшы сапраўднае сэрца, якое заўсёды б’ецца з любоўю». «Рабіць усё — толькі не грашыць» Кажучы пра Парафіяду і спаборніцтва ў ёй, біскуп пажадаў заўсёды кіравацца любоў’ю да бліжняга як да самога сябе. «Тады кожнае наша спаборніцтва будзе сведчаннем нашых хрысціянскіх каштоўнясцяў», — дадаў біскуп Яшэўскі. Напрыканцы літургіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзякаваў Богy за прыгожы досвед сустрэчы падчас Эўхарыстыі. Іерарх таксама выказаў падзяку ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі біскупу Аляксандру Кашкевічу і яго дапаможнаму біскупу Юзафу Станеўскаму за запрашэнне, а асабліва кс. Артуру Малафею.
Іерарх з Магілёва падзякаваў і ўдзельнікам Парафіяды за сведчанне веры, а святарам, кансэкраваным асобам і навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне — за правядзенне Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі, назваўшы Парафіяду «інвестыцыяй у будучыню Касцёла ў Беларусі». Біскуп Яшэўскі развітаўся з удзельнікамі VIII Парафіяды словамі свайго заснавальніка св. Яна Боско: «Рабіць усё, толькі не грашыць». |
Фотарэпартаж |