30 чэрвеня ў парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах адбылося ўрачыстае асвячэнне капліцы ў в. Сураж i капліцы каля прадпрыемства ААТ «ГРОНЕМАН».
Пачаткам парафіяльнага свята стала асвячэнне крыжа каля капліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
На святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабралася вялікая колькасць людзей.
У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі заклікаў вернікаў звярнуць увагу на абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста, які знаходзіцца на цэнтральным месцы ў капліцы. «Як дзіця туліцца да сэрца сваёй матулі, так і мы павінны прыходзіць і туліцца да сэрца Езуса, нашага Пана», — адзначыў святар. Традыцыйнае чэрвеньскае набажэнства да Сэрца Пана Езуса стала чарговым праслаўленнем Бога і падзякай за атрыманыя дары і ласкі.
Напрыканцы Эўхарыстыі пастыр Гродзенскай дыяцэзіі звярнуўся да вернікаў з заклікам: «Трэба жыць так, каб нашыя сэрцы былі падобныя да сэрца Езуса, з якога выходзяць любоў, цеплыня і дабро».
Другім урачыстым момантам гэтага дня стала для вернікаў геранёнскай парафіі асвячэнне яшчэ адной капліцы каля прадпрыемства ААТ «ГРОНЕМАН». Працаўнікі прамысловага прадпрыемства сваімі сіламі абнавілі месца малітвы. На капліцу Маці Божай Фацімскай можна паглядзець з чатырох бакоў, якія ўпрыгожаны фігурамі св. Яна Паўла II, св. Антонія, св. Юзафа і св. айца Піо.
Парафіяне в. Сураж вельмі задаволены тым, што месца, якое некалькі дзясяткаў гадоў было закінута і забыта, цяпер зноў абноўлена і стала месцам малітвы і сустрэчы з Богам. Анастасія Мішкура
Фота будзе дададзена
|