Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святыя місіі прайшлі ў парафіях у Раготне і Стараельні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.07.2016 16:20

У парафіях Святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне і Найсвяцейшай Тройцы ў Стараельні ў чэрвені адбыліся святыя місіі. Іх праводзілі айцы рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.

Падчас місій у парафіі ў Раготне праводзіліся сустрэчы з дзецьмі, моладдзю, бацькамі, пажылымі і хворымі людзьмі. Глыбокае ўражанне ў многіх пакінуў Крыжовы шлях па вуліцах аграгарадка. Адбылося аднаўленне сужэнскай прысягі, у якім прыняло ўдзел шмат сямейных пар. Таксама прайшоў шматлюдны і ўрачысты фэст у гонар святога Яна Хрысціцеля.

Шмат вернікаў збіралася на вечаровае набажэнства са свечкамі — Марыйны заклік.

«Кожны дзень мы слухалі мудрыя, шчырыя і павучальныя навукі айцоў-місіянераў, якія прымусілі нас па-новаму на ўсё паглядзець, перажыць, дапамаглі ажывіць нашу веру, — распавядае парафіянка Ганна Анацка. — Восем місійных дзён праляцелі незаўважна. Былі і радасныя, і хвалюючыя моманты. Але абыякавых не было!»



У апошні дзень святых місій, у нядзелю 26 чэрвеня, у парафіі ў Раготне быў устаноўлены і асвечаны місійны крыж, які спачатку мужчыны, узяўшы на плечы, пранеслі вакол касцёла. Парафіяне ішлі за імі ў працэсіі, несучы ў руках свае маленькія крыжы.

Місіі завяршыліся ўрачыстай Імшой, падчас якой айцы-місіянеры ўдзялілі поўны адпуст.

Таксама святыя місіі праводзіліся ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы: у касцёле ў Стараельні і ў капліцах у Лапушне і Данілавічах.



«І ўсё гэта для нас, парафіян, для таго, каб мы маглі спазнаць Божую любоў, адкрыцца на Яго міласэрнасць, — адзначае Ганна Анацка. — Мы, вернікі парафій Святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне і Найсвяцейшай Тройцы ў Стараельні, дзякуем Богу і нашаму пробашчу ксяндзу Віктару Захарэўскаму за тое, што святыя місіі ў нас адбыліся, а айцу Анджэю і айцу Валерыю — за працу, малітву і за тое, што дапамагаюць знайсці Бога ўсё большай колькасці людзей».

(AG)

Фота Валерыя Пачука

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.