Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першыя пілігрымы прыбылі на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый у Тракелі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.07.2016 20:14

Аднадзённыя пілігрымкі Жырмуны-Тракелі і Беняконі-Тракелі сталі першымі, якія прыбылі сёлета ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў.

«Мы дайшлі да Маці Божай»

Надвор’е ў Тракелях пасля абеда сумяшчала ў сабе і дождж, і сонца. Раз-пораз з шэрых хмар на зямлю прарываліся цёплыя кроплі летняга грыбнога дажджу, які амаль праз хвіліну змянялі сонечныя прамяні.

Тракелі жылі прадчуваннем свята: апошнія штрыхі ў аздабленні алтара, праверка мікрафонаў, а ў гандлёвых намётах – ужо чакаюць першых пакупнікоў.

Кусташ санктуарыя рыхтуецца сустракаць першых пілігрымаў – пра іх набліжэнне сведчыць гучны спеў, які з кожнай хвілінай усё лепш даносіцца да санктуарыя.

Праз імгненне разумееш: спяваюць па абодва бакі дарогі адначасова – пілігрымак дзве.

Яны ішлі насустрач адна адной і сустрэліся твар у твар акурат перад брамамі тракельскага санктуарыя – пілігрымка з Беняконяў і пілігрымка з Жырмунаў. Першымі пасля акраплення асвечанай вадой у святыню ўвайшлі пілігрымы з Беняконяў.

Сяброўкі Таццяна Валэйка і Алёна Кургун – у іх ліку.

«Мы выходзілі сёння ў 9 раніцы і за гэты час пераадолелі 27 км, – распавядае Алёна Кургун. – Я іду першы раз, і спачатку здавалася, што ісці зусім няцяжка. Але з кожным новым кіламетрам стомленасць адчувалася ўсё больш Але я рада, што прайшла гэты шлях».

 «Пілігрымка – гэта заўсёды праверка сябе, выпрабаванне, – кажа Таццяна. – Ідучы, разумееш, што дарога – фізічнае выпрабаванне. Але гэты шлях нездарма: мы ахвяроўваем яго за нашых родных і блізкіх».

19-гадовая Аляксандра Андрушкевіч прыйшла ў пілігрымцы Беняконі-Тракелі разам з дзядулем, і гэта ўжо чацвёртае пешае падарожжа дзяўчыны ў дыяцэзіяльны санктуарый. «Я заўважыла, што з кожным годам дарога мне даецца лягчэй. А сёлета са мной першы раз у пешай пілігрымцы ішоў і дзядуля», — адзначае Аляксандра.

Ян Русак, яе дзядуля, прызнаецца, што на ўрачыстасці ў Тракелях бывае штогод. Але пешшу прыйшоў упершыню.


«Звычайна прыязджаў на машыне, але мне ўжо 69 гадоў, і я вырашыў праверыць свае сілы ў пешым падарожжы. І я вельмі задаволены – настрой на вышыні».

«Мая пілігрымка – 21-я па ліку»

Для Марыі Васюкевіч з пілігрымкі Жырмуны-Тракелі гэтая пілігрымка стала 21-й па ліку.


«Да Маці Божай у Тракелі я прыйшла з просьбай аб здароўі для сваёй сям’і. Тры чалавекі з’яўляюцца інвалідамі, таму апека Маці Божай вельмі важная для нас, – прызнаецца жанчына. – Вера ў Бога дапамагае мне па жыцці. І колькі магу, я буду прыходзіць сюды пешшу».

Рэната Ванцэвіч ішла ў пілігрымцы разам з сястрой Дзіянай. Для самой Рэнаты гэты шлях ужо 18-ы – у Тракелі яна прыходзіць з пяці (!) гадоў.

«Пілігрымка дае сілу і моц. Малюся за ўсю сям’ю», — прызнаецца дзяўчына. У яе сястры Дзіяны Сегень асаблівая інтэнцыя: яна яшчэ не вырашыла, куды будзе паступаць, і час у Тракелях хоча выкарыстаць, каб прыняць рашэнне.

Рэната Ванцэвіч упершыню прыйшла ў Тракелі пяцігадовай дзяўчынкай

«У Тракелі прыходжу папрасіць за ўнукаў і дзяцей. За ўсю радню, хто сёння не змог прыйсці», — адзначае Галіна Клебан з Жырмунаў. У Тракелі жанчына прыйшла разам з унучкай і яе сям’ёй.

Муж унучкі Віталій Барташэвіч адмыслова ўзяў у Тракелі ўсю сям’ю, у якую ўваходзіць і яго родны брат кс. Юрый Барташэвіч, які і вёў гэтую пілігрымку.


«Кожны нясе ўласную інтэнцыю. У Тракелі прыходзім не толькі з просьбай, але і з падзякай», — заключае мужчына.

Пасля дарогі пілігрымы ідуць у святыню пакланіцца Маці Божай. Тым часам наваколле Тракеляў напаўняецца новымі гучнымі спевамі – дзесьці ўдалечыні крочаць чарговыя пілігрымы.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.