Тры словы для Марыі: тракельскія пілігрымы і іх інтэнцыі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
08.07.2016 20:22 |
З радасцю і задумённасцю, з надзеяй і падзякаю, з верай і просьбамі, а хтосьці са слязьмі і турботамі... Пілігрымы, якія прыйшлі ў санктуарый у Тракелях, каб схіліцца перад абразом Маці Божай і праз Яе лагоднасць стаць бліжэй да Айца і Сына, дзеляцца сваімі трыма запаветнымі словамі, з якімі ішлі да Багародзіцы. Тры словы школьніц Дашы, Леры і Міланы з ашмянскай пілігрымкі — вера, надзея і просьба.
«З вераю — бо ёй жывём, з надзеяй — бо Марыя нам дапамагае, і з просьбаю — бо маем шмат просьбаў, асабліва аб тым, каб спыніліся войны», — патлумачылі дзяўчаты. Яраслаў і Уладзіслаў прыехалі ў Тракелі з Макараўцаў — парафіі Узвышэння Святога Крыжа, і іх тры словы:
«Мір, дабро, супакой» — у Яраслава, які просіць найперш аб тым, каб свет існаваў без войнаў.
З «любоўю, дабрынёй, міласцю» прыйшоў да Марыі Уладзіслаў: «З любоўю — бо менавіта яна кіруе светам, каб жа любіць — трэба быць добрым». «Прагну жыць, як Яе Сын»
Сястра назарэтанка Ганна Мацуль CSFN, якая прыйшла ў гродзенскай пілігрымцы, сказала, што яе тры ключавыя словы — «Марыя – Маці жыцця», якая вядзе да Езуса. «Да Яе я прыйшла з падзякаю і просьбаю. А яшчэ, — дадае манахіня, — я прыйшла са словамі песні "Прагну жыць, як Яе Сын", бо менавіта так жыць вучыць Маці Божая».
Дзяўчаты Ірына і Святлана, якія прыйшлі ў Тракелі таксама з Гродна, распавялі, што іх словамі-лейтматывам сталі «падзяка за дар жыцця, просьба аб благаслаўленні і жаданне пабыць побач з Марыяй, парадавацца разам з Ёй». Ганна, якая ішла пяшком з Ліды (м-н Індустрыяльны), прыйшла з ахвярай, просьбай і падзякай за ласкі для яе асабіста і для сям’і.
«Я кожны год бываю, але мяне прывозілі ў машыне, аднак у гэтым годзе я ішла пяшком, бо маю сваю асаблівую інтэнцыю», — кажа жанчына. Дзесяцігадовы Уладзік з Ваўкавыска, які ішоў у пілігрымцы ўпершыню і якому, як прызнаўся ён, вельмі спадабалася, прынёс Марыі «малітву, песню і працу».
«“Буду танцаваць перад Тваім тронам” — гэта мой любімы спеў», — падзяліўся пілігрым. Сапраўднымі танцамі ў дарозе да Маці Божай Тракельскай праслаўляла Бога і моладзь пешай пілігрымкі з Ліды (Фара), якая доўжылася адзін дзень. Многія з пілігрымаў толькі нядаўна вярнуліся з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, куды ішлі дзевяць (!) дзён. Але і пілігрымка ў Тракелі -- не апошняе пешае падарожжа ў летнім календары лідскай моладзі. "Зусім хутка стартуе і пілігрымка ў Навагрудак. Увогуле, нашы бацькі ўжо не здзіўляюцца, што нас часта няма дома: лета - час пілігрымак", -- з усмешкай адзначае моладзь. Аксана Ючкавіч, |
Фотарэпартаж |