Байкеры з Польшчы ў Тракелях: мы бачым і адчуваем, што тут жывая вера і традыцыі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.07.2016 04:01 |
Байкеры з Польшчы, якія наведалі тракельскія ўрачыстасці 8-9 ліпеня, падзяліліся сваім уражаннем: «Тут мы бачым, як жыве тая культура і традыцыі, вера, якія былі ў Польшчы 15-25 гадоў таму».
Тракелі — дастаткова ціхая мясцовасць, з маленькай драўлянай сціплай святыняй, дзе не ўзвышаюцца мураваныя вежы касцёла, як у Будславе, але з такой жа моцай і натхненнем узвышаецца душа нашага народа, якае жыве і дыхае верай і надзеяй... Тут, на Гродзеншчыне, у Касцёле сапраўды часцей пачуеш польскую мову, чым у іншых частках нашай краіны, што сведчыць пра супольную гісторыю нашых народаў, найперш духоўную. І тут моладзь спявае на трох мовах адразу, абіраючы вельмі моцныя і натхняльныя спевы да Бога і Маці Божай. Тут часцей, чым дзе ў Беларусі, у захапленні будзеш сузіраць прыгожыя святыні, якія ашчадна захаваў з мінуўшчыны наш народ і набудаваў новых. «Тут мы бачым, — падзяліліся польскія байкеры, якія штогод наведваюць Беларусь, — як жыве тая культура і традыцыі, вера, якая была ў Польшчы 15-25 гадоў таму». «Мы ўзрушаны цеплынёй беларусаў, якія сустрэліся і сустракаюцца нам на шляху: і католікаў, і праваслаўных», — адзначыў байкер з Торуня Анджэй Вцесельскі.
Стала традыцыяй, што байкеры з Польшчы наведваюць Беларусь. Стараючыся аб'ехаць і ўшанаваць памяць загінулых палякаў на тэрыторыі Беларусі, яны яшчэ прыязджаюць у Будслаў і Тракелі — на беларускія каталіцкія марыйныя ўрачыстасці.
Байкер Адам Ліс з Ярослава (каля Шчэціна) Хтосьці з гэтых байкераў прыязджае ўпершыню, хтосьці ў чарговы раз і нават далёка не трэці-чацвёрты. Звычайна байкеры не замаўляюць сабе месцаў у гатэлях, а маюць начлег альбо ў намётах, альбо ў кляштарах. «Лепш мы паначуем у намёце ці ў кляштары і заплоцім грошы манаскім братам, сёстрам, чым дзесьці ў гатэлі. Мы не шукаем выгодаў, мы лепш камусьці з Касцёла дапаможам гэтымі грашыма», — кажуць яны.
Для гэтых людзей дарагая зямля, якая носіць шмат болю, а таксама багатую гісторыю і іх народа, таму яны стараюцца быць блізка да яе, яе душы, яе смутку і радасці. Аксана Ючкавіч фота аўтара |