Рэха роварнай пілігрымкі Шчучын-Тракелі: чатыры дні еднасці ў Богу |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
12.07.2016 11:35 |
160 кіламетраў дарогі пераадолелі ўдзельнікі роварнай пілігрымкі Шчучын-Тракелі, якая завяршылася 8 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў. У пілігрымцы прыняло ўдзел каля 20 чалавек — моладзь піярскай парафіі Святой Тэрэзы ад Езуса (Авільскай). Шлях роварнай пілігрымкі, якая доўжылася чатыры дні і сёлета была арганізавана пад дэвізам «Езус для Жыцця», прайшоў па наступнаму маршруту: Шчучын-Жалудок-Нецеч-Крупава-Ліда-Тракелі.
Як адзначаюць удзельнікі пілігрымкі, час у дарозе — гэта чатыры дні радасці, еднасці і адчування прысутнасці Бога. Нягледзячы на стомленасць, дождж і вецер падчас пілігрымкі, яны заўсёды знаходзілі час на малітву і прабыванне разам.
На кожны дзень дарогі запрошаныя святары рыхтавалі даклад, які тым ці іншым чынам быў звязаны з тэмай пілігрымкі: адносіны з Богам, а таксама адносіны з родным бацькам; да чаго запрашае Бог і перад чым засцерагае; як сустрэць Бога і што рабіць, каб трываць пры Ім; як быць і чаго патрабаваць ад сябе, каб быць шчаслівым хрысціянінам сёння, — гэта толькі некаторыя думкі, над якімі магла паразважаць моладзь падчас навукі святароў.
«Гэта быў сапраўды асаблівы час, які, на жаль, так хутка скончыўся», — дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі і дзякуюць усім, каго сустрэлі ў дарозе да Тракеляў, за слова, адкрытыя сэрцы і дзверы сваіх дамоў. |
Фотарэпартаж |