Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася II пешая пілігрымка Адамавічы-Навумавічы: «Трэба цаніць кожную хвіліну свайго жыцця»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.07.2016 14:17

16 ліпеня адбылася ІІ пешая пілігрымка з Адамавіч недалёка ад Гродна на месца спачынку ахвяр Другой сусветнай вайны ў лесе каля Навумавіч, дзе знаходзіцца масавае пахаванне людзей, жорстка забітых падчас вайны.

Пілігрымка мела пакутны характар. У яе ходзе не было вясёлых песень, але была магчымасць паразважаць над сэнсам жыцця, над тым, што яно мае вялікую каштоўнасць і трэба цаніць кожную хвіліну свайго жыцця, якая з’яўляецца дарам самога Бога.

Якраз у гэты дзень прыпадала 73-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, якая вырашыла аддаць жыццё за сваю нявестку і яе ненароджанае дзіця, святароў і жыхароў Гродна і Ліпска.

Пілігрымка пачалася ў парафіяльным касцёле ў Адамавічах. Удзельнікі — каля 100 чалавек — перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, давяраючы Богу невялікі шлях свайго пілігрымавання — 10 км. У малітоўным настроі яны вырушылі ў навумавіцкі лес, які быў ціхім сведкам падзей Другой сусветнай вайны.

Пілігрымка — ахвяра Богу

Арганізатар пілігрымкі кс. Антоні Грэмза заклікаў удзельнікаў ахвяраваць гэтую невялікую частку дарогі ў канкрэтнай інтэнцыі, а таксама заахвоціў, каб гэтая пілігрымка стала «ахвярай, складзенай Богу як выраз удзячнасці за пралітую кроў мучанікаў».

Многія пілігрымы адзначаюць, што, год таму даведаўшыся аб арганізацыі гэтай пілігрымкі, да канца не ўсведамлялі, што гэта за падарожжа. Яны прывыклі да пілігрымавання на месцы, звязаныя з Паннай Марыяй, а гэты шлях аказаўся зусім іншым.

Алена Скліфасоўская прызнаецца, што ў гэтую пілігрымку вырашыла пайсці год таму, калі яна была арганізавана ўпершыню. Яна кажа, што пайшла тады, у большай частцы не ведаючы, куды накіроўваецца гэтая пілігрымка і што знаходзіцца ў навумавіцкім лесе. Толькі падчас шляху яна зразумела, што гэта мае вялікае значэнне, бо гэта святое месца, дзе жыхары Гродна і наваколля пралілі кроў за Хрыста.

«У гэтым годзе не было нават думкі, каб не ісці ў пілігрымку. І, нягледзячы нават на стомленасць, нягледзячы на выхадны ад працы дзень, я ўсё ж такі адважылася. Я думаю, што гэта мой доўг загінулым і маленькая ахвяра, якую я хачу прынесці Богу як удзячнасць за кроў мучанікаў, якія, я ўпэўнена, за нас моляцца ў небе і просяць у Пана ласку веры для нас», — кажа Алена Скліфасоўская.

Вучыцца адвазе ў ахвяр Другой сусветнай вайны

Самым малодшым удзельнікам гэтай пілігрымкі стала дзевяцігадовая Маша Сівук, якая разам са сваёй мамай вырашыла прайсці гэты невялікі этап. Дзяўчынка кажа, што гэта вельмі вялікі подзвіг — прынесці ў ахвяру Богу сваё жыццё. «Трэба, напэўна, мець вельмі шмат адвагі, каб рашыцца на такі крок. Я хачу вучыцца ў гэтых загінулых людзей адвазе, каб у сабе мець шмат смеласці», — адзначае Маша, а само месца пакарання называе святым, бо там было забіта шмат людзей.

На пытанне, з якімі інтэнцыямі яна ідзе ў пілігрымцы, дзяўчынка адразу адказвае, што хоча маліцца за сваіх бацькоў: «Малітва бацькам вельмі патрэбна. Хочацца, каб Пан Бог даў ім добрае здароўе».

Марыя Кузняцова, якая падчас усяго шляху збірала палявыя кветкі, каб зрабіць букет, які затым прынесла на месца гібелі бязвінных людзей, прызнаецца, што, як, напэўна, кожная жанчына, вельмі любіць кветкі.

«Сёння я вырашыла сабраць гэтыя простыя палявыя кветкі і занесці ў навумавіцкі лес. Пан Бог нас заўсёды любіць, нават нягледзячы на ўсе нашы грахі, Яго любоў вельмі вялікая. Гэтыя кветкі — менавіта ўдзячнасць Богу за ўсё. Кветкі — гэта Божы дар. Мы нічога свайго не маем, а Богу можам даць толькі тое, што ад Яго ж і атрымалі», — тлумачыць Марыя Кузняцова.

Дар для горада Гродна

У шлях пілігрымкі ў гэтым годзе вырушыла шмат людзей, якія год таму таксама ўдзельнічалі ў ёй. Некаторыя прывялі з сабой сваіх знаёмых, бо, як адзначаюць, хацелася б, каб як мага больш людзей даведалася аб гэтым важным для горада Гродна і наваколля месцы.

Уладзімір Ляўшук, які таксама ўжо ў другі раз ідзе ў гэтай пілігрымцы, кажа, што месца, дзе былі забіты шматлікія людзі, з’яўляецца сёння вялікім дарам для Гродна, бо там людзі аддалі сваё жыццё дзеля жыцця.

«Калі ў нас ёсць шмат праблем, якія мы не можам вырашыць, складанасці ў сям’і, то трэба ісці менавіта ў гэтую пілігрымку. Нашым сем’ям сёння не хапае якраз міру і супакою. А падчас гэтай пілігрымкі ёсць магчымасць занесці ўсе нашы просьбы Мар’яне Бярнацкай, якая стала благаслаўлёнай таму, што правільна выконвала абавязкі чалавечыя, якія запісаны ў Евангеллі», — адзначае Уладзімір.

Ён дадае, што пілігрымка — добры спосаб, каб паразважаць, а калі чалавек разважае над тым, што было 70 гадоў таму, гэта становіцца сённяшнім днём і дапамагае прымаць прывільныя рашэнні.

Завяршэннем пілігрымкі стала ціхая малітва пілігрымаў на магіле жорстка забітых у часы вайны, а таксама ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.