Вырушыла VII пешая пілігрымка з Гродна на месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак у Навагрудку |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
25.07.2016 00:14 |
24 ліпеня вырушыла ў шлях VII пешая пілігрымка з Гродна на месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак у Навагрудку.
Пілігрымы пачалі свой шлях пасля святой Імшы, якая прайшла ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і якую ўзначаліў кс. Віталій Сідорка, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У пілігрымцы ўдзельнічаюць больш за 50 чалавек. У гэтым годзе падчас яе будуць разважаць над жыццём дванаццатай сястры назарэтанкі Малгажаты Банась, якая адзіная з навагрудскай манаскай супольнасці засталася ў жывых. Сёлета прыпадае 50-годдзе смерці Слугі Божай Малгажаты Банась, таму ў ходзе пілігрымкі будуць асабліва маліцца аб яе хутчэйшай беатыфікацыі.
Маршрут пілігрымкі: Гродна — Азёры — Астрына — Шчучын — Орля — Хвіневячы — Наваельня — Навагрудак. У цэлым вернікі пераадолеюць амаль 150 км, каб прыбыць на ўрачыстасці 73-й гадавіны расстрэлу мучаніц у Навагрудку.
У першы дзень пілігрымкі яе ўдзельнікаў прывітаў у дарозе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які заклікаў іх асабліва маліцца праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка ў інтэнцыі сем’яў Беларусі, а таксама за моладзь усяго свету, якая хутка будзе перажываць Сусветныя дні моладзі ў Кракаве.
Іерарх заахвоціў даваць праз сваё пілігрымаванне прыгожае сведчанне ўсім людзям, якіх пілігрымы будуць сустракаць на шляху, і казаць ім аб Езусе, які багаты на міласэрнасць і ласку.
Мучаніцы з Навагрудка былі забіты 1 жніўня 1943 г. нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыя сясцёр была здзейснена Папам Янам Паўлам ІІ у Рыме 5 сакавіка 2000 года.
Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
|
Фотарэпартаж |