Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці з нагоды 73-й гадавіны расстрэлу навагрудскіх мучаніц адбыліся на месцы іх смерці
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.08.2016 22:42

30 ліпеня Батароўскі лес каля Навагрудка, дзе ў час вайны фашысты расстралялі 11 сясцёр-назарэтанак, наведалі шматлікія пілігрымы. Сястра Стэлла і 10 яе паплечніц загінулі там ранкам 1 жніўня 1943 г., аддаўшы жыццё за бацькаў сем’яў.

Частка вернікаў прыбыла ў VII пешай пілігрымцы з Гродна. Наведаць месца пакарання прыйшлі таксама вернікі з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія). На малітве сабраліся і манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, удзячныя сваім папярэдніцам за гераічнае складанне жыцця на алтары ў інтэнцыі сем’яў.

Акрамя ўласных інтэнцый, прысутныя маліліся праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр- мучаніц за ўсе народы, якія перажываюць вайну, за хрысціян, якіх пераследуюць за веру, за краіны, у якіх адбываюцца ўзброеныя канфлікты, дзе пануюць насілле і смерць.

Святую Імшу каля крыжа, які ўсталяваны на магіле манахінь і кажа чалавеку ХХІ стагоддзя, што варта прысвяціць сваё жыццё Хрысту, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.



У гаміліі біскуп адзначыў, што сёстры-назарэтанкі склалі сваё жыццё як свядомую і дабравольную ахвяру, у жэсце гераічнай любові да Бога і бліжняга. «Мы стаім ля падножжа Галготы, нашай беларускай навагрудскай Галготы, на якой была складзена сапраўдная ахвяра. Менавіта тут абарвалася жыццё сястры Стэллы і яе паплечніц», — сказаў іерарх, дадаўшы, што гэтая навагрудская Галгота нарадзіла для беларускай зямлі і ўсяго свету 11 нябесных заступніц.

Біскуп заклікаў усіх прысутных паводле прыкладу сясцёр-мучаніц з Навагрудка не быць абыякавыя да чалавечых бед, але з любоўю і пашанай ставіцца адзін да аднаго.

На заканчэнне Імшы сястра Лаўра Шукеловіч, настаяцельніца сённяшняй навагрудскай супольнасці сясцёр-назарэтанак, выказала падзяку ўсім прысутным за супольную малітву, а таксама адзначыла, што «з кожнай ахвяры Бог абуджае сілу і распальвае нанова веру».

«Калі перажываем 73-ю гадавіну смерці навагрудскіх назарэтанак, нашыя сэрцы напаўняюцца ўдзячнасцю Богу за прыклад іх жыцця і адданасці, за прыклад веры і любові да Бога і чалавека», — падсумавала с. Лаўра Шукеловіч.



Пасля Імшы вернікі яшчэ доўгі час стаялі на каленях на зямлі, якая ў 1943 г. была акроплена крывёй благаслаўлёных назарэтанак, у асабістых малітвах дзякуючы за вялікі дар мучаніцтва сясцёр i за іх сведчанне нязломнай веры і гераічнай любові да Бога і бліжняга. Шматлікая прысутнасць пілігрымаў у гэты дзень стала выразам памяці пра  навагрудскіх мучаніц, пра святасць іх жыцця і гераізм іх смерці.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.