Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Стартавала пешая пілігрымка Гродна-Рось
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.08.2016 18:04

5 жніўня ранішняй святой Імшой пачалася пешая пілігрымка Гродна-Рось, якая сёлета праходзіць пад дэвізам «Дакраніся да Божай міласэрнасці». Пілігрымка вырушыла з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і стала 15-й па ліку.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў пілігрымаў прысвяціць час у дарозе Богу, каб адкрыцца такім чынам на дзеянне Божай ласкі.

Гамілію прамовіў кіраўнік пілігрымкі кс. Юрый Марціновіч. «Пілігрымка з'яўляецца адпаведнай магчымасцю, каб шукаць адказы на хвалюючыя нас жыццёвыя пытанні, — адзначыў святар. — І менавіта паломніцтва з'яўляецца пацвярджэннем таго, што мы хочам станавіцца усё лепш у наследванні Езуса. І гэта незалежна ад таго, будуць іншыя прымаць нас ці адкідваць. Незалежна ад таго, будуць іншыя благаслаўляць нас ці праклінаць. Незалежна ад таго, будуць яны прызнаваць нас ці пераследаваць».

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў пілігрымам пастырскае благаслаўленне і папрасіў занесці да ног Езуса Журботнага ўсе справы і інтэнцыі Касцёла на Гродзеншчыне, а таксама малітву за сем’і, каб у кожным доме знайшлося месца для Бога. Іерарх прайшоў з пілігрымамі вуліцамі горада, пажадаў добрай дарогі і плёну ў малітоўным чуванні.

Самі пілігрымы кажуць, што пешая пілігрымка з Гродна ў Рось, якая збірае людзей з розных куткоў Гродзеншчыны, належыць да найцяжэйшых — у першы дзень удзельнікі праходзяць больш за 45 км.



Даведка

Гісторыя санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі цесна звязана з аднайменнай цудатворнай фігурай Хрыста, якая знаходзіцца ў галоўным алтары святыні. Гісторыя цудаў і аздараўленняў, звязаных з гэтай фігурай, бярэ свой пачатак з выпадка, які адбыўся ў Росі 400 гадоў таму. Сляпая жанчына падчас ранішняй святой Імшы паспавядалася перад фігурай, мяркуючы, што перад ёю святар, і атрымала адпушчэнне грахоў. Калі святар, які ўдзяляў жанчыне святую Камунію, пацікавіўся, у каго яна спавядалася, жанчына адказала: «Той спаведнік, які сядзіць у бабінцы (пярэдняя частка святыні), выслухаў споведзь, і, калі даў мне адпушчэнне, — я пачала бачыць».

Факт споведзі пацвердзілі ўсе прысутныя на Імшы людзі, а цуды і звязаныя з гэтым ласкі з таго часу пачалі пашырацца сярод вернікаў парафіі і ваколіц.


Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.