7 жніўня скончыліся ўрачыстасці ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі. Святую Імшу з удзелам пілігрымаў, якія прыбылі з розных куткоў дыяцэзіі, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Вернікі сабраліся ў санктуарыі, каб ушанаваць фігуру Езуса Журботнага, бо бачаць у ёй знак асаблівай блізкасці Езуса Хрыста, які ніколі не перастае адорваць незлічонымі ласкамі і звышнатуральнымі дарамі.
«Сёння мы прыходзім сюды, як гэта рабілі нашыя продкі, каб з верай і пакорай стаць на калені перад фігурай Езуса Журботнага і ў цішыні сэрца пачуць Яго голас, які кожнага з нас кліча па імені з любоўю, клопатам і бясконцай міласэрнасцю», — адзначыў у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх падкрэсліў, што праз фігуру Езуса Журботнага Бог асаблівым чынам прамаўляе да чалавека, нагадваючы кожнаму пра справу Адкуплення, якая была здзейснена праз муку, смерць і ўваскрасенне Ягонага Сына. «Езус Журботны, гледзячы на нас з гэтай славутай ласкамі фігуры, пытаецца, ці мы, як хрысціяне, умеем і хочам заўважаць цярпенні нашых бліжніх, ці ўмеем убачыць у нашым браце або сястры, якія пакутуюць, аблічча Збаўцы», — сказаў біскуп.
Кусташ санктуарыя ксёндз канонік Чэслаў Паўлюкевіч падзякаваў усім пілігрымам за пілігрымаванне і запэўніў, што дзверы санктуарыя заўсёды адчынены, а таксама заахвоціў наведваць гэтае святое месца часцей.
Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
|