«Для мяне жыццё — гэта Хрыстус»: 25-годдзе манаскіх абяцанняў адзначылі ў Гродне пяць сясцёр назарэтанак |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
29.08.2016 08:37 |
25 гадоў з моманту першых манаскіх абяцанняў адзначылі сёлета пяць манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта, якія нясуць служэнне ў Беларусі — с. Карытас Шапель CSFN, с. Марыяна Алешчык CSFN, с. Галіна Занеўская CSFN, с. Іерэмія Кулікоўская CSFN і с. Нэрэуша Падзялінская CSFN. Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды 28 жніўня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Асаблівасцю ўрачыстасці стала аднаўленне сёстрамі манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці.
Сёстры назарэтанкі падчас аднаўлення манаскіх абяцанняў Біскуп дадаў, што пакліканне да манаскага жыцця — незвычайны «дыямант любові», які з’яўляецца вялікай таямніцай: «У святле веры пакліканне да манаскага жыцця — гэта вялікі дар як для самой пакліканай, так і для ўсёй супольнасці Касцёла. Праз складанне манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці законная сястра прымае на сябе абавязкі ўсё сваё жыццё зрабіць выключнай уласнасцю Езуса Хрыста».
Іерарх адзначыў, што больш за паўстагоддзя сёстры назарэтанкі нясуць сваё служэнне ў розных частках свету, рэалізуючы духоўны запавет сваёй заснавальніцы — ахвярная служба ўсім тым, хто патрабуе дапамогі, злучаная з асабістым узрастаннем у хрысціянскай дасканаласці.
«Пакора, ахвярнасць і служба — гэта духоўны капітал Касцёла, які сведчыць пра праўдзівыя хрысціянскія вартасці», — дадаў біскуп. «Кажучы пра Касцёл на Гродзеншчыне, нельга не згадаць паслугу, якую нясуць у нашай дыяцэзіі сёстры назарэтанкі, — адзначыў іерарх. — Дзякуем вам за ахвярную і бескарыслівую службу ў Касцёле, за вернае выкананне манаскага харызмату, за ўсе даброты, якія здзяйсняе Пан Бог праз вашу пакорную паслугу.
На заканчэнне святой Імшы юбіляркі падзякавалі сваім бацькам і родным, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу, маці-настаяцельніцы і ўсім сёстрам з супольнасці назарэтанак за падтрымку і малітву. Пасля Імшы сясцёр чакала цёплая сустрэча з роднымі, блізкімі і сябрамі, кожны з якіх выказваў юбіляркам свае пажаданні |
Фотарэпартаж |