Вернікі парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку здзейснілі падарожжа па касцёлах Беларусі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
31.08.2016 11:48 |
У апошнія выходныя лета 50 вернікаў парафіі Св. Арханёла Міхаіла ў Навагрудку разам з пробашчам кс. Юрыем Жэгарыным адправіліся ў падарожжа па самых прыгожых касцёлах Беларусі. Пра тое, як перажывалася гэтае падарожжа, распавядае Генута Грыцютэ. rЛета падтрымала нашую ідэю і падарыла ў гэтыя дні шмат ласкавага цяпла. Прыгажосць касцёлаў, разнастайнасць архітэктурных стыляў, унутранае аздабленне, ад якога проста захоплівае подых, — гэта толькі частка нашай пілігрымкі. Як сказаў Антуан дэ Сент-Экзюперы — самага галоўнага вачыма не ўбачыш...
Кожны з нас праклаў уласную пілігрымку, якая праходзіла праз яго сэрца. Для кагосьці гэта былі слёзы, якія раптам з’явіліся пад ласкавым поглядам Маці Божай Будслаўскай. Хтосьці захапіўся велічнымі гукамі аргана пад скляпеннямі гервятскага касцёла. Хтосьці ўпаў на калені перад сціплым абразом Маці Божай у Барунах. У нас сагрэлася сэрца ад таго цяпла, якім нас адарылі парафіяне ў Глыбокім.
А ў Мосары мы выбралі адну дарогу — дарогу на Галготу. Хтосьці з нас сказаў, што гэта дарога, па якой ляціць душа. І мы спяшаемся за ёй, накіраваўшы погляд на Твой крыж, Пане. Там, на вяршыні гары, нас асвятляюць прамяні ўзыходзячага сонца. Мы быццам аслеплі ад яркага света, затое ўсім сэрцам раптам зразумелі — Ты ёсць Любоў! Гэтае пачуццё суправаджала нас падчас усёй пілігрымкі. Падцверджанне гэтаму — дабрыня, якая сыходзіла ад людзей, што нас сустракалі.
Браты францішкане ў івянецкім касцёле праявілі да нас гасціннасць, а добры настрой гарантавала кава, прыпраўленая дабрынёй і любоўю. Амерыканскі пісьменнік Уільям Берроўз сказаў: «жыць неабавязкова, падарожнічаць — неабходна». Многія з нас у гэтым пераканаліся. Слава Богу за тое, што мы ўбачылі настолькі прыгожыя месцы нашай краіны, а таксама мелі магчымасць паразмаўляць з цікавымі людзьмі, за адчуванне свабоды і Любові і за магчымасць малітвы ў святых месцах!
(MV) |