Быць міласэрнымі, як Айцец: у Шчучыне прайшлі «Канікулы з Богам» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.09.2016 15:38 |
З 21 па 28 жніўня пры касцёле св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне праходзілі «Канікулы з Богам» — сустрэча, якая сёлета аб’яднала больш за паўтысячы маладых парафіян. Ужо больш за 20 гадоў у апошні тыдзень жніўня ў шчучынскім касцёле збіраюцца дзеці і падлеткі парафіі, каб паразважаць пра Бога, далучыцца да супольнай малітвы і спеваў і проста выдатна правесці час з сябрамі, завесці новыя знаёмствы. Сёлета дзеці, моладзь і святары разважалі пра ўчынкі міласэрнасці для душы бліжняга: суцяшэннe засмучаных, настаўленнe грэшнікаў і іншыя. Дэвіз «Канікул з Богам-2016» супаў з дэвізам Года Божай Міласэрнасці — «Міласэрныя, як Айцец».
Звычайны дзень «Канікул з Богам» пачынаўся з супольнай малітвы і спеваў. Пасля на сцэне ля касцёла можна было ўбачыць кароткую тэатральную пастаноўку, у якой адлюстроўваўся адзін з учынкаў міласэрнасці. Затым надыходзіў час гульняў і разважанняў, якія рыхтавалі для сваіх падапечных выхавальнікі. Пасля, пачуўшы мелодыю так званай «Бельгійкі», удзельнікі разумелі, што пачынаецца самая вясёлая частка праграмы — танцы — і спяшаліся заняць месца, знайсці партнёра для танцаў. А напрыканцы дня, пасля малітвы, кожны атрымліваў салодкі пачастунак.
Кожны дзень «Канікул з Богам» быў непаўторным, але найбольш чаканымі сталі чацвер і пятніца, калі кожны жадаючы мог паскакаць на батуце, пачаставацца папкорнам і паўдзельнічаць у спартакіядзе. Паралельна з агульнай праграмай разважанняў на сцэне праходзіў конкурс «Голас “Канікул з Богам”», у якім за тытул лепшага змагаліся як дзеці і падлеткі, так і іх выхавальнікі. Галоўным суддзёй конкурса быў спецыяльна запрошаны айцец Аляксандр Махнач SP, які да верасня мінулага года нёс душпастырскае служэнне ў шчучынскай парафіі. |
Фотарэпартаж |