Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Навагрудку адбыўся ўрачысты ўспамін 11 сясцёр-мучаніц
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.09.2016 20:03

4 верасня ў Навагрудку адбыўся ўрачысты ўспамін благаслаўлёнай с. Марыі Стэллы Мардасевіч і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта.


Навагрудская святыня Перамянення Пана, якая была месцам малітвы сясцёр-мучаніц, у гэтыя дні сабрала шматлікіх гасцей. Вернікі прыбылі, каб праз заступніцтва назарэтанак выпрошваць патрэбныя ласкі ў Бога для сябе і сваіх сем’яў.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На малітве прысутнічалі і тыя сёстры назарэтанкі, якія сёння нясуць служэнне ў розных кутках нашай краіны. Манахіні прасілі дапамогі і падтрымкі ў сваёй штодзённай паслузе.

У гаміліі біскуп узгадаў біяграфіі сясцёр-мучаніц, адзначаючы, што "Бог стаў для іх сапраўдным узмацненнем".

Іерарх адзначыў, што Бог, якому сёстры служылі з вялікай ахвотай і верай, быў для іх апорай на працягу ўсяго жыцця, асабліва ў хвіліны страшнага выпрабавання: калі яны на працягу цэлай ночы чакалі смерці, пазней у дарозе на месца пакарання і, нарэшце, у момант расстрэлу.

Пасля Імшы вернікі трывалі пры саркафагу з парэшткамі мучаніц.

Благаслаўлёныя с. Стэлла i 10 яе паплечніц былі расстраляны фашыстамі 1 жніўня 1943 года, ахвяраваўшы сваё жыццё, каб выратаваць ад пагібелі арыштаваных мужчын і святара - тагачаснага рэктара навагрудскай Фары кс. Аляксандра Зянкевіча, кананізацыйны працэс якога пачаўся ў 2010 годзе.

Паводле Grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.