Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вечныя манаскія абяцанні склаў кармэліт босы брат Генрых Валейка
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.09.2016 16:00

12 верасня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі брат Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста (Генрых Валейка) склаў вечныя манаскія абяцанні. Гэта адзін з найважнейшых момантаў у жыцці чалавека, які прысвячае сваё жыццё на выключнае служэнне Богу.

Склаўшы вечныя абяцанні, брат Генрых стаў жаніхом, які заручыўся з Дзевай Марыяй — апякункай Ордэна кармэлітаў босых. Брат Генрых урачыста паабяцаў жыць у чыстасці, убостве і паслухмянасці ў манаскай кармэліцкай супольнасці. Ідучы шляхам евангельскіх парадаў, ён прагне назаўсёды скіраваць свой позірк, сэрца, пачуцці і чыны на самога Бога, у якім манах атрымлівае ўсё.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел родныя і блізкія брата Генрыха, а таксама кармэліты босыя з розных супольнасцей, святары, сёстры і шматлікія вернікі. Усе разам маліліся аб ласцы пастаяннага ўзрастання брата Генрыха ў манаскім пакліканні, а таксама аб новых і святых пакліканнях.

Брат Генрых Валейка нарадзіўся ў в. Гудагай, належаў да астравецкай парафіі. Хрост і Першую Камунію прыняў у гудагайскім касцёле. Пасля заканчэння сярэдняй гудагайскай школы вучыўся ў БДУІР у Мінску. У 2009 годзе ўступіў у ордэн кармэлітаў. Манаскую і семінарыйную фармацыю праходзіў у Беларусі і Польшчы. Брат Генрых мае старэйшую сястру.

Кармэліты босыя — гэта манаская супольнасць, якая ўзнікла на гары Кармэль у Палестыне ў ХІІІ стагоддзі. У ХVI стагоддзі ордэн быў рэфармаваны святымі Тэрэзай ад Езуса і Янам ад Крыжа. У Беларусі кармэліты босыя прысутнічаюць з XVII стагоддзя. Сёння супольнасці братоў кармэлітаў ёсць у Гудагаі, Нарачы, Мядзелі і ў Мінску. Згодна з харызмай кармэліты служаць у Касцёле праз малітву, школы духоўнага жыцця, духоўнае кіраўніцтва і духоўную дапамогу вернікам. Ідучы штодзённа за Хрыстом, законнікі абвяшчаюць праўду пра Хрыста, які прагне камуніі з кожным чалавекам.

А. Аркадзь Куляха OCD
Фота Сяргея Булыны

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.