Помнік пахавальнай архітэктуры ХІХ ст., што знаходзіцца на старых хрысціянскіх могілках, быў адноўлены дзякуючы намаганням пробашча парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрыя Жэгарына і мясцовых вернікаў.
Святая Імша з нагоды завяршэння рэстаўрацыйных прац адбылася 14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел парафіяне, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжак і госці з Вроцлава (Польшча) на чале з пробашчам кс. Янам Адамарчукам. Узначаліў Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У гаміліі іерарх наблізіў сабраным вернікам гісторыю з’яўлення свята Узвышэння Святога Крыжа і паразважаў аб значэнні крыжа як сімвала хрысціянства.
«Крыж Хрыста з’яўляецца сімвалам нашай хрысціянскай веры, знакам мукі і адначасова трыумфу, бо дзякуючы яму смерць была пераможана і Хрыстовы крыж стаў для ўсяго свету паўсюдным знакам збаўлення», — падкрэсліў біскуп.
Таксама іерарх заахвоціў удзельнікаў Імшы з пакорай браць і самаахвярна несці свой уласны жыццёвы крыж.
«Кожны з нас праз усё сваё жыццё нясе крыж, дадзены Богам. І вельмі часта здараецца, што нам спадарожнічаюць розныя спакусы, выпрабаванні, цяжкасці. Але, нягледзячы на іх, мы павінны годна ісці той дарогай, якую вызначыў Усявышні, і памятаць, што Валадарства Божае дасягаецца намаганнямі і высілкамі, а таксама бесперапыннай працай над сабой», — адзначыў біскуп.
На заканчэнне Імшы вернікі разам са святарамі памаліліся ў інтэнцыі ўсіх памерлых, якія пахаваны на мясцовых могілках. Ксёндз Юрый Жэгарын падзякаваў дабрачынцам, ахвярадаўцам і ўсім людзям добрай волі, якія паспрыялі аднаўленню капліцы.
Паводле grodnensis.by
(AG) Фота grodnensis.by
|