Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першакурснікі семінарыі ў Гродне — знаёмімся з кожным
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.09.2016 22:08

У Вышэйшай духоўнай семінарыі неўзабаве распачнецца новы навучальны год. Сёлета на першы курс семінарыі залічаны чацвёра юнакоў з розных куткоў дыяцэзіі. Распавядаем пра кожнага з іх.

Станіслаў Юрэвіч, 19 гадоў, парафія Святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні



Станіслаў скончыў сярэднюю школу. Любіць спорт, асабліва футбол і тэніс. Калі мае вольны час, любіць дапамагаць сваім братам і сёстрам вучыцца размаўляць з Богам праз малітву. Зараз прывыкае да новых абставінаў жыцця ў семінарыі і адзначае, што даўно чакаў моманту знаёмства з духоўнымі настаўнікамі.

Па словах Станіслава, сапраўдны святар — той, хто ўмее заўважыць патрэбу бліжняга, клапоціцца пра сваіх вернікаў і, незалежна ад жыццёвых абставінаў, заўсёды дзякуе Богу за дар свайго паклікання.

Любімая цытата з Бібліі: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых» (пар. Лк 4, 4).

Віталій Гурэц, 18 гадоў, парафія Святога Вацлава ў Ваўкавыску



Пасля заканчэння сярэдняй школы Віталій вывучаў асновы будаўніцтва ў ліцэі. Мае дасягненні ў спорце: у 2015 годзе яму быў прысвоены ІІ дарослы разрад па настольным тэнісе. Спадзяецца, што ягоныя навыкі будуць прыдатнымі і падчас вучобы ў семінарыі.

Віталій лічыць, што святар павінен быць добра адукаваным, добразычлівым і простым у людскім зносінах чалавекам.

Любімая цытата з Бібліі: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16).



Андрэй Юхнік, 18 гадоў, парафія Святой Сям’і ў Лідзе



Андрэй скончыў сярэднюю школу. Неаднаразова прымаў удзел у раённых алімпіядах па нямецкай мове і займаў прызавыя месцы. Любіць гуляць у футбол і адсочваць спартыўныя навіны. Цікавіцца музыкай. Адзначае, што са смуткам пакінуў сваю сям’ю і сяброў, але з першых хвілін прабывання ў семінарыі адчувае сябе вельмі добра.

Андрэй падкрэсліў, што сапраўдны святар не павінен асуджаць, быць ганарыстым. Яму варта памятаць пра тое, што ягоныя паводзіны служаць прыкладам для людзей навокал.

Любімая цытата з Бібліі: «Адзін ёсць заканадаўца і суддзя, які можа збавіць і загубіць. А хто ты, што судзіш бліжняга?» (Як 4, 12).

Віктар Рэйшэль, 17 гадоў, парафія Перамянення Пана ў Бераставіцы



Віктар скончыў сярэднюю школу. Любіць замежныя мовы і практыкуецца ў ігры на гітары. Любімы напрамак у музыцы — шматлікія разнавіднасці року. Віктар заахвочвае кожнага, хто адчувае пакліканне да святарства, не закрываць свае сэрцы, а адважна выбіраць гэты шлях.

Паводле слоў Віктара, сапраўдны святар — гарачы ў малітве і сціплы ў паводзінах чалавек.

Любімая цытата з Бібліі: «І Я кажу табе, што ты – Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць Яго» (Мц 16, 18).

На дадзены момант у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з семінарыстамі, якія знаходзяцца на літургічна-душпастырскіх практыках, вучыцца каля 30 чалавек.

Паводле grodnensis.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.