Брат Бенуа з супольнасці Тaize наведаў Гродна |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
24.09.2016 00:47 |
Увечары 22 верасня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі моладзь з душпастырства «Оpen» прывітала брата Бенуа з супольнасці Taize, які наведаў Беларусь ужо ў пяты раз.
Брат прыязджае на сустрэчы, каб дапамагчы маладым людзям дыяцэзіі падрыхтавацца да ўдзелу ў еўрапейскіх сустрэчах Taize.
Як адначыў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, «кожная сустрэча з братам Бенуа заўсёды збірае шмат маладых людзей, якія задаюць госцю з Францыі шматлікія пытанні, цікавяцца, як навучыцца не засяроджваць сваю ўвагу на тым, што падзяляе, але шукаць тое, што аб’ядноўвае».
Супольнасць Taize існуе з часоў Другой сусветнай вайны. Сёння яна налічвае каля сотні братоў, католікаў і пратэстантаў, больш чым з 25 краін свету. Яны не прымаюць ніякіх дароў і ахвяраванняў, уласнай працай зарабляюць сабе на жыццё і дзеляцца з іншымі, прысвячаюць жыццё дапамозе тым, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе.
Кожны тыдзень на працягу года на сустрэчы ў Тaize прыязджаюць каля 6 тысяч чалавек больш чым з 70 краін свету. Традыцыйна на пяць дзён у канцы кожнага года дзясяткі тысяч маладых людзей збіраюцца ў адным з гарадоў Еўропы. Сёлета гэтая сустрэча пройдзе ў Рызе (Латвія).
Паводле grodnensis.by (AG) Фота grodnensis.by
|