У францішканскім касцёле ў Гродне адбылося набажэнства Transitus |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
04.10.2016 16:02 |
Кожны год 3 кастрычніка, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, францішканскія супольнасці ва ўсім свеце ўдзельнічаюць у набажэнстве Transitus (з лац. transitus — пераход), якое ўзгадвае момант смерці, момант пераходу да вечнага жыцця «патрыярха ўбогіх» св. Францішка Асізскага. Набажэнства адбылося і ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе на працягу многіх гадоў служаць айцы з Законy Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане).
Узначаліў набажэнства а. Яўген Голуб OFMConv. Пра асобу святога, які памёр ноччу 3 кастрычніка 1226 года ва ўзросце 45 гадоў, прысутным распавёў а. Антоній Пажэцкі OFMConv. «Святы Францішак добра разумеў, што толькі Бог можа зрабіць шчаслівым ягонае сэрца, таму сваё шчасце шукаў у Яго», — адзначыў а. Пажэцкі, а таксама нагадаў, што святы Францішак ніколі не шукаў славы, а заўсёды кіраваўся пакорай і сціпласцю. З пакорай гэты святы прыняў і стыгматы — раны Хрыста, — якімі былі пазначаны яго ногі, рукі і бок апошнія гады жыцця. Літургія Transitus выразна паказвае, што смерць — гэта не канец існавання чалавека, а пераход, таямнічы «transitus», мост, які злучае чалавечае жыццё на зямлі з Тым, хто чакае ў нябеснай будучыні. На заканчэнне ўдзельнікі набажэнства ўшанавалі рэліквіі св. Францішка. |